Бясплатны Wi-Fi запушчаны на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі
Паслуга бясплатнага бесправаднога доступу ў інтэрнэт 27 ліпеня запушчана на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі.
Як паведаміла прэс-служба БЧ, па замове чыгункі кампанія "МТС" разгарнула зоны Wi-Fi на ўсіх 19 чыгуначных вакзалах краіны. 103 пункты доступу ўстаноўленыя ва ўсіх залах чакання і холах, а ў Мінску і Брэсце таксама ў пакоях адпачынку. "Сумесны маштабны праект закліканы пашырыць спіс дадатковых сэрвісаў для пасажыраў, павысіць турыстычную прывабнасць Беларусі", — адзначыла прэс-служба.
"Адна з адметных асаблівасцяў — у нас любы іншаземец зможа атрымаць доступ да Wi-Fi, прайшоўшы аўтарызацыю. Для гэтага няма неабходнасці набываць сім-карту беларускага аператара. Гэта было адной з умоў праекта, каб Wi-Fi быў даступны абанентам любога аператара", — растлумачыў намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр Казачок.
Больш за два тыдні тэхналогію тэставалі. За гэты час больш за 17 тысяч чалавек ужо скарысталіся грамадскім Wi-Fi. Пакуль найбольш актыўна тэхналогію выкарыстоўваюць у Мінску, Гомелі і Віцебску, паведамілі на Беларускай чыгунцы.
Скарыстацца бясплатным Wi-Fi на беларускіх вакзалах можна пасля пацверджання асобы: карыстальнік уводзіць нумар свайго мабільнага тэлефона ў спецыяльнае поле, пасля гэтага атрымлівае СМС з паролем для ўваходу ў сетку. Аўтарызацыя дзейнічае 24 гадзіны.
"МТС" ужо арганізаваў грамадскі Wi-Fi для шэрагу медыцынскіх цэнтраў і банкаў, АЗС, гасцініц і кафэ. Праект з Беларускай чыгункай — адзін з самых маштабных і знакавых для кампаніі. Заказчык атрымаў рашэнне пад ключ: грамадскую Wi-Fi-сетку для доступу ў інтэрнэт з ідэнтыфікацыяй па SMS. Плённае супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай мы маем намер працягваць і прадастаўляць якасныя паслугі жыхарам і гасцям нашай краіны", — адзначыў кіраўнік камерцыйнага дэпартамента "МТС" Яўген Бранцаў.
Бясплатны Wi-Fi даступны наведвальнікам вакзалаў Беларускай чыгункі ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Калінкавічах, Крычаве, Лідзе, Лунінцы, Маладзечне, Оршы, Асіповічах, Полацку і Пінску.
Марына Носава, БелаПАН