Беларусь: паўночнае вымярэнне

Канцэпцыя Трэцяга Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.



kanhres.jpg

Звычайна Беларусь разглядаюць як краіну, змешчаную паміж Захадам і Ўсходам, паміж Польшчай і Расіяй, паміж каталіцызмам і візантызмам, паміж еўрапейскай і азіяцкай цывілізацыямі. З гэтага становішча могуць вынікаць розныя шляхі разумення краіны — ці то як моста паміж рознымі цывілізацыямі, ці то як памежжа розных культур, ці то краіны, якая вагаецца паміж важным геапалітычным выбарам: пайсці на Ўсход ці на Захад.
Між тым, гэты выбар можна разглядаць і як свядомую пастку, калі шырокі спектр магчымасцей зводзіцца да вузкай дыхатаміі, што пазбаўляе альтэрнатыў, іншых накірункаў і арыентацый. І ў гэтым плане надзвычай цікавым можа быць паўночнае вымярэнне, якое заўжды было важным для гістарычнага развіцця нашай краіны: варта ўзгадаць палітычную прысутнасць вікінгаў і хрышчэнне Полацка Торвальдам, стварэнне супольнай дзяржавы з балтамі — Вялікага княства Літоўскага, спроба пераарыентацыі Вялікага Княства на саюз са Швецыяй у форме Кейданскай уніі, розныя праекты па стварэнню альянсаў у Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне ці Міжмор’і. Трэба таксама адзначыць, што некаторыя скандынаўскія краіны (у прыватнасці Швецыя) уключаюць Беларусь у балтыйскі рэгіён.  
Аб’яўляючы канцэпцыяй трэцяга Кангрэса паўночнае вымярэнне мы маем дзве мэты: 
— Пашырыць супрацоўніцтва даследчыкаў балтыйскіх і скандынаўскіх краін па розным накірункам, не абавязкова звязаным з даследаваннем Беларусі і рэгіёну. Натуральна, гэта прадугледжвае актыўнае ўключэння прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці балтыйскіх і скандынаўскіх краін у працу Кангрэса, наладжвання дыялогу і супрацы. 
—  Пашырыць рэгіянальныя і параўнальныя даследаванні рэгіёну Балтыйскага мору ў шырокім яго разуменні. У дадзеным выпадку нас цікавіць прастора Балтыі і Скандынавіі – праз даследаванне гістарычных сувязей, рэканструкцыю інтэлектуальных праектаў пераўладкавання рэгіёна, а таксама праз аналіз сучасных палітычных, эканамічных і культурных зносін і паралеляў.
Такім чынам, Кангрэс 2013 года больш увагі надасць рэгіянальным і параўнальным даследаванням, ці даследаваннем Беларусі ў кантэксце рэгіёну. Мы таксама будзем спрыяць усталяванню доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж беларускай і балта-скандынаўскай акадэмічнай супольнасцю (Літва, Латвія, Эстонія, Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Данія). І магчыма, што выпрацаваныя ідэі і праекты змогуць стаць той новай крыніцай натхнення, якая дазволіць значна палепшыць наша разуменне Беларусі і ўсяго рэгіёну.
istorija.vdu.lt