"Беларусы Швецыі" ў Стакгольме: "Лепей быць геем, чым дыктатарам"

Стакгольмскі прайд-парад — гэта найбуйнейшая публічная акцыя ва ўсёй Скандынавіі. 1 жніўня ў сталіцы Швецыі прайшло традыцыйнае шэсце гей-параду.  У гэтым годзе марш чарговы раз сабраў больш за паўмільёна ўдзельнікаў. 



Упершыню афіцыйна да маршу вырашыла далучыцца і арганізацыя беларускай дыяспары «Беларусы Швецыі». Больш за 20 сяброў арганізацыі выйшлі выказаць сваю прыхільнасць талерантнасці і роўным правам для ўсіх людзей незалежна ад сексуальнай арыентацыі.

«Мы ішлі Прайд-маршам, каб святкаваць разнастайнасць і ў падтрымку талерантнага стаўлення да геяў, лесбіянак, бісексуалаў і трансгендараў. Мы памятаем пра беларускую ЛГБТ-супольнасць, якая ўвесь час жыве ў страху перад грамадствам і ўладай і таксама цэнім уклад беларускіх праваабаронцаў у фарміраванне больш еўрапейскага і талерантнага грамадства на нашай гістарычнай радзіме», — кажа адзін з арганізатараў групы Сяргей Андросенка.

Беларусы неслі расцяжку "Лепш быць геем, чым дыктатарам" і вясёлкавыя сцягі, міжнародны сімвал ЛГБТ-руху. Перад групай яркая травесці-дзіва з Беларусі несла бел-чырвона-белы сцяг — нацыянальны сімвал Беларусі.

«Нас вельмі цёпла сустракалі гледачы Параду, пастаянна з натоўпу можна было пачуць «Жыве Беларусь!» — так нас, відавочна, віталі тыя, хто ведае пра Беларусь больш», — лічыць сябар рады арганізацыі «Беларусы Швецыі» Павел Галушка.

«Можна іранічна заўважыць, што Мінскі гей-прайд чарговы раз прайшоў у выгнанні. Мы ніколі не адчувалі сябе так свабодна ў Беларусі і, відавочна, яшчэ доўга не адчуем», — каментуе ўдзел беларусаў у парадзе Сяргей Андросенка.

Таксама падчас Прайд-тыдня ў рамках выставы «Схаваная гісторыі» ў Гістарычным музеі Стакгольма была выстаўленая і беларуская экспазіцыя ЛГБТК-артэфактаў «Unstraight Belarus», частка з іх была прысвечана Мінскаму гей-прайду 2011 года.

Паводле GayBelarus