Беларусы зацікаўленыя ў рэформах, але не гатовыя дзеля іх цярпець цяжкасці

Беларусы зацікаўленыя ў рэформах, але не гатовыя дзеля іх цярпець цяжкасці — пра гэта сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага Групай кампаній Satio на замову Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Літва) у межах праекта "Рэфорум".

Праект "Рэфорум" рэалізуецца BISS пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі і кансалтынгавай кампаніі Pact з мэтай выпрацоўкі канкрэтных і рэалістычных рэформ, якія б спрыялі павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускага грамадства. Чатыры групы экспертаў падрыхтавалі прапановы па такіх кірунках, як: павышэнне інвестыцыйнай прыцягальнасці краіны; змены ў Кодэкс аб адукацыі; абарона медыяпрасторы; добраахвотнае медыцынскае страхаванне. 


Як зазначыў 12 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік, падчас апытання былі атрыманыя звесткі аб стаўленні грамадства да рэформ. Паводле яго слоў, за апошнія паўгода з моманту правядзення папярэдняга апытання настроі людзей вельмі змяніліся: калі раней яны гатовыя былі цярпець цяжкасці ў працэсе правядзення рэформ, то зараз не гатовыя, хаця большасць па-ранейшаму зацікаўленая ў рэформах. 


Між тым, заўважыў Пікулік, падтрымка людзей і іх гатоўнасць да цяжкасцяў вельмі важныя для ўлады пры прыняцці рашэння аб правядзенні рэформ. "Для чыноўнікаў самае галоўнае — ці не прывядуць рэформы да таго, што ўлада пахіснецца, — растлумачыў ён. — У Беларусі расійская дапамога давала магчымасць пазбягаць рэформ, і зараз перад Лукашэнкам стаіць пытанне, як утрымаць краіну, калі давядзецца ісці на рэформы". Уладам было б лягчэй адважыцца на пераўтварэнні, калі б 80% беларусаў сказалі, што "гатовыя цярпець дзеля рэформ", "але, на жаль, карціна зусім іншая", зазначыў дырэктар BISS. 


У гэтым, падкрэсліў ён, заключаецца адрозненне беларусаў ад бліжэйшых заходніх суседзяў. "Напрыклад, у Польшчы самыя высокія рэйтынгі былі ў Бальцаровіча (эканаміст Лешак Бальцаровіч, арганізатар і ідэйны натхняльнік польскіх эканамічных рэформ у канцы 80-х гадоў. — БелаПАН.) у момант глыбокага эканамічнага крызісу, калі палякі разумелі, што цяжкасці — гэта цана за адыход ад Расіі і шлях у Еўропу", — сказаў Пікулік. 


На яго думку, сёння ў Беларусі неабходна працаваць над выпрацоўкай нацыянальнай ідэалогіі з тым, каб людзі не толькі разумелі неабходнасць рэформ, але і былі гатовыя да цяжкасцяў пры іх рэалізацыі "дзеля лепшай будучыні".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН