Бюджэтнікаў змушаюць здаваць бутэлькі і макулатуру

У Бялыніцкім раёне за невыкананне плану па здачы другаснай сыравіны да Новага году бюджэтнікам пагражаюць пазбаўленнем прэмій.



tara.jpg

oadam.livejournal.com

Заданне па збору шклабою, макулатуры, пластыкавых бутэлек ды іншага смецця лягло на плечы настаўнікаў, выхавальнікаў дзіцячых садкоў, сацыяльных работнікаў, устаноў культуры ды нават супрацоўнікаў МНС.

Кожны прыдумаў свой патэнт на збор. Настаўнікі звяртаюцца да бацькоў навучэнцаў, каб тыя прыносілі макулатуру і бутэлькі на заняткі. Тэхнічныя супрацоўнікі навучальных устаноў збіраюць другасную сыравіну самастойна, абыходзячы вуліцы і знаёмых. Сацыяльныя работнікі просяць дапамогі ў пажылых людзей, за якімі даглядаюць.

Рэзкую актывізацыю збору макулатруры звязваюць з указам старшыні райвыканкаму Мікалая Кадаценкі. Аднак нягледзячы на незаконнасць загаду, публічна ніхто з бялыніцкіх бюджэтнікаў пратэставаць не адважыўся, паведамляе Белсат.

Гэта не першы выпадак, калі беларускіх настаўнікаў прымушаюць выконваць працу, якая не ўваходзяць у лік іх прафесійных абавязкаў. Раней металалом былі змушаныя збіраць бюджэтнікі ў Магілёўскай вобласці.