Блогер Павел Спірын прызнаны палітвязнем

5 лютага ў Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына — 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Дзіна Кучук) па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу за выраб і распаўсюд двух відэаролікаў на сацыяльна-вострыя тэмы.

pavel_spiryn.jpg


Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня 2020 года, вызвалены праз тры дні, затым зноў затрыманы 9 верасня пасля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пры гэтым Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. Ён стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Раней у 2019 годзе адзін з яго фільмаў "Грань" быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа за гэты фільм была ўзбуджаная толькі пасля актыўнага ўдзелу Паўла ў перадвыбарнай кампаніі 2020.
Спірыну было выстаўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці». Сацыяльнай групай у дадзеным выпадку, па версіі абвінавачвання, з'яўляецца "іншая" група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронцы лічаць, што прысуд Паўлу Спірыну з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады. У сувязі з гэтым яны адзначаюць, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў міліцыі ў прыватнасці не з'яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці ў першую чаргу павінна прадухіляць распальванне варожасці ў дачыненні да ўразлівых груп грамадства, а ніяк не прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў і міліцыі ў прыватнасці.
Паводле spring96.org