Больш за палову беларускіх аўто ездзяць без тэхагляду
Больш за палову зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ездзяць без пройдзенага тэхагляду. З амаль трох мільёнаў аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, да тэхагляду не даехала і палова.
Пра гэта намеснік дырэктара УП "Белтэхагляд" Уладзімір Півульскі заявіў у перадачы "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1". Праграма выйшла ў эфір увечары 10 снежня.
Сёлета з амаль трох мільёнаў аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, да тэхагляду не даехала і палова. Многія аўтаўладальнікі не хочуць аплочваць дарожны падатак, які абыходзіцца даражэй, чым штраф за адсутнасць тэхагляду.
Па словах Півульскага, за 10 месяцаў 2017 года на тэхагляд прыбылі 1 мільён 325 тысяч аўтамабіляў. Прычым 215 тысяч не прайшлі тэхагляд з першага разу. Асноўная прычына, па якой аўтааматары атрымліваюць адмову ў праходжанні тэхагляду, — няспраўнасць тармазных сістэмаў. "Гэта больш за 50% усіх адмоваў пры праходжанні тэхагляду", — падкрэсліў спецыяліст.
Атрымоўваецца, што больш за 100 тысяч аўто ў Беларусі пры тэхаглядзе мелі праблемы з тармазамі. А яшчэ каля 1,7 млн аўто на станцыі тэхагляду проста не прыехалі.
Дарэчы, як паведамляецца, два гады не праходзіў тэхагляд і ЗіЛ, які ўрэзаўся ў пешаходаў у Мінску на праспекце Пераможцаў каля гандлёвага цэнтра "Замак". Тады загінула 11-гадовая дзяўчынка, а чатыры чалавекі былі шпіталізаваныя.
Мінскія ўлады зачынілі пераход каля ГЦ "Замак" і скасавалі прыпынак грамадскага транспарту побач з плошчай Дзяржаўнага сцяга.
Аднак гэтая мера выклікала абурэнне ў мінчукоў. У інтэрнэце ўжо з'явілася здзеклівая петыцыя, якая патрабуе, каб гарадскія ўлады забаранілі аўтамабільны рух па праспекце Пераможцаў.