Брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнду падазраюць яшчэ і ў абразе беларускага кіраўніка
Яшчэ раней у дачыненні да Андрэя Шарэнды ўжо была распачата крымінальная справа за «заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы», паведамляе «Еўрарадыё».

Фота www.racyja.com
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Беларусі распачаў яшчэ адну крымінальную справу ў дачыненні да брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб абразе кіраўніка беларускай дзяржавы (ч.1 арт. 368 КК РБ).
Справа была ўзбуджаная па выніках праверкі. Прадметам праверкі было інтэрв'ю ад 29 сакавіка 2021 года, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы», якія «публічна абражаюць» кіраўніка беларускай дзяржавы, гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Раней у дачыненні да Андрэя Шарэнды ўжо была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы». 17 красавіка дадому да Андрэя прыйшлі з ператрусам сілавікі, канфіскавалі тэхніку.
Нагадаем, што жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк з 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА па справе аб гвалце над міліцыянтам. Паводле слоў Андрэя, Паліна «не прызнае следчых, якія ходзяць да яе, і не дае ніякіх паказанняў, бо лічыць іх злачынцамі». Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнда-Панасюк палітзняволенай.
У пары двое дзяцей.