Брэст. Пікет пад бел-чырвона-белым сцягам

1 мая ў Брэсце прадстаўнікі грамадскасці пад бел-чырвона-белай сімволікай правялі інфармацыйную акцыю ў цэнтральнай частцы горада.

maslouski_1_maja.jpg

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кампаніі «За наш горад», свабоднага прафсаюза на пешаходнай вуліцы Савецкая на працягу гадзіны віншавалі берасцейцаў з Міжнародным днём салідарнасці працоўных, распаўсюджвалі інфармацыйныя бюлетэні «За наш горад», партыйныя буклеты, віншавальныя паштоўкі, партыйную сімволіку.

«Зносіны з жыхарамі горада яшчэ раз пацвярджае правільнасць нашых патрабаванняў да ўладаў. Гэта поўная адмена Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", вяртанне ў страхавы пенсійны стаж тэрміну службы ў войску, водпуску па догляду за дзіцем, вучобы ў ВНУ, перыяду догляду за інвалідам, атрымання дапамогі па беспрацоўі і інш. На вуліцах горада людзі нас пазнавалі, большасць грамадзян выказвалі з намі салідарнасць», — каментуе вынікі акцыі старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.

Нагадаем, што Брэсцкі гарвыканкам забараніў правядзенне дэманстрацыі і мітынгу пратэсту ў абласным цэнтры.

Паводле прэс-службы Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП​