Брэст. Наглядная скарга праваабаронцы не задаволена

Старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок не задаволіла наглядную скаргу праваабаронцы Сяргея Гоўшы па справе аб забароне пікета да Дня правоў чалавека.



goush_siargej_barr.gif

Раней суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы і судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда прызналі дзеянні Баранавіцкага гарвыканкама па забароне пікета законнымі. Сяргей Гоўша прасіў старшыню абласнога суда адмяніць гэтыя судовыя пастановы, а таксама незаконнае, на думку праваабаронцы, рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама аб забароне пікета 10 снежня 2014 года.

— Я вельмі расчараваны рашэннем старшыні абласнога суда Тамара Сучок. Вось цяпер і яна “не заўважыла”, што не заяўнікі, а Баранавіцкі гарвыканкам парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо не толькі не ўказаў матывы, па якіх пікет быў забаронены, а нават несвоечасова адказаў на нашу пісьмовую заяву. Мяне здзіўляе, што суддзя Тамара Сучок таксама не прыняла да ўвагі мае тлумачэнні аб незаконнасці патрабаванняў з боку гарвыканкама ад заяўнікаў адносна заключэння дамоў з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, чым парушалася Пастанова Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207. Неаргументаванымі таксама выглядаюць тлумачэнні старшыні абласнога суда, што мы ў сваёй заяве не ўказалі меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля пікета, — пракаментаваў Сяргей Гоўша.

Праваабаронца ўпэўнены, што сітуацыя вакол забароны пікета да Дня правоў чалавека і рашэнні судоў 2-х інстанцый сапраўды выглядаюць абсурднымі, бо ў заяве было сказана, што да яе прыкладаюцца копіі дамоў з паліклінікай і ЖКГ. Таксама ў заяве ў гарвыканкам меліся абавязальніцтвы заяўнікаў масавага мерапрыемства аб тым, што яны абавязуюцца забяспечыць грамадскі парадак падчас пікета. Але гарадскія і абласныя суддзі чамусьці “не заўважаюць” гэтых дакументаў і падтрымліваюць незаконныя рашэнні, на думку праваабаронцы, каб захаваць “гонар мундзіра”.

Сяргей Гоўша не згодны з рашэннем старшыні Брэсцкага абласнога суда і мае намер абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе.

spring96.org