Брэст: пададзена заяўка на правядзенне пікета супраць ўвядзення пошліны на аўтамабілі

З гэтай ініцыятывай да мясцовых уладаў звярнуліся брэсцкія сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Сам пікет плануецца правесці 12 студзеня на плошчы Леніна каля галоўнай елкі горада.



agp_sciagi.jpg

Як паведаміла актывіст АГП Дыяна Касцюковіч, якая падала адпаведную заяву ў гарвыканкам, мэтай пікета з'яўляецца выказванне нязгоды ў сувязі з увядзеннем дзяржаўнай пошліны на выдачу дазволу для допуску аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху.

У наш партыйны офіс пачалі паступаць званкі ад людзей з пытаннем, якім чынам можна пакінуць свой подпіс пад зваротам, што падрыхтаваны АГП з нагоды ўвядзення дзяржпошліны, — распавяла Касцюковіч. — Акрамя таго, шмат каментараў па ініцыятыве збору подпісаў мы ўбачылі ў Інтэрнэце. Аднак не ўсе ведаюць, дзе знаходзіцца наш офіс і не ва ўсіх ёсць час зайсці да нас менавіта з гэтай мэтай. Таму мы лічым, што людзі павінны мець магчымасць выказаць сваю пазіцыю, у тым ліку ў грамадскім месцы, дзяля чаго і падалі заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства”.

У заяўцы ўзгадваецца, што ў пікеце мяркуюць браць удзел каля 20 чалавек, таксама падчас правядзення мерапрыемства плануецца выкарыстанне транспарантаў і лозунгаў па тэме ўвядзення пошліны.

spring96.org