Брытанія закліча Раду ААН па правах чалавека разгледзець сітуацыю ў Беларусі
Рада ААН па правах чалавека павінна адрэагаваць на сітуацыю ў сферы іх выканання, якая складваецца ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, з якой кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Дамінік Рааб выступіць у панядзелак на адкрыцці 46-й сесіі Рады ў Жэневе. Вытрымкі з яго выступлення былі загадзя распаўсюджаныя Форын-офісам, паведамляе ТАСС.
Брытанскі міністр назваў праведзеныя ў мінулым годзе прэзідэнцкія выбары сфальсіфікаванымі, заявіўшы, што разам з «жорсткім прыгнётам Лукашэнкам тых, хто заклікаў да перамен, гэта прывяло да крызісу ў галіне правоў чалавека».
«Гэтая Рада абавязаная працягнуць усебаковае расследаванне парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку абвінавачанні ў катаваннях, жорсткім, бесчалавечным ці прыніжаючым годнасць абыходжанні. Вялікабрытанія працягне падтрымліваць ініцыятывы па захаванні тэмы Беларусі на парадку дня так доўга, як гэта будзе неабходна, пакуль беларускі народ не зможа карыстацца сваімі дэмакратычнымі правамі і асноўнымі свабодамі», — паабяцаў Рааб.
Кіраўнік МЗС Брытаніі таксама мае намер падняць пытанні па выкананні правоў чалавека ў Расіі і Кітаі.
У прыватнасці, кіраўнік ведамства закліча «іншых членаў Рады разгледзець, ці адпавядаюць дзеянні Расіі яе міжнародным абавязацельствам у галіне правоў чалавека» ў сувязі з сітуацыяй з Аляксеем Навальным. Што тычыцца Кітая, то Рааб будзе казаць аб парушэнні кітайскімі ўладамі правоў уйгураў.
Чарговая сесія Рады ААН па правах чалавека пачнецца ў панядзелак, 22 лютага, і будзе праходзіць па 23 сакавіка.
У канцы мінулага тыдня Вялікабрытанія абнавіла санкцыйны спіс у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў — у яго ўвайшлі 27 чалавек, у тым ліку чыноўнікі, суддзі, сілавікі.
tut.by