БТ хочуць пазбавіць права на трансляцыю Алімпіяды ў Токіа

Дзяржтэлебачанне Беларусі хочуць забараніць паказваць Алімпійскія Гульні-2021 (пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года ў Токіа), а таксама спаборніцтвы Паралімпіяды (запланавана на 24 жніўня — 5 верасня бягучага года).

olimp_1611.jpg


Адпаведны зварот Фонд спартыўнай салідарнасці ўжо накіраваў у Міжнародны алімпійскі камітэт «з поўным прававым абгрунтаваннем і са спасылкай на рэзалюцыю Еўрапарламента», паведамляе «Салідарнасць».

— Думаю, прычыны тлумачыць не варта, — напісаў у сваім Instagram выканаўчы дырэктар фонду, экс-кіраўнік гандбольнага клуба «Віцязь-Леон» Аляксандр Апейкін. — Пазіцыя Фонду спартыўнай салідарнасці ў гэтым пытанні была і будзе адназначнай: аматарам захопаў самалётаў, катаванняў і забойстваў няма месца ў міжнародным спорце.

Нагадаем, раней вылучаную «Белтэлерадыёкампаніяй» групу «Галасы ЗМесца» адхілілі ад удзелу ў міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2021» за парушэнне правілаў. А ў канцы траўня за трансляцыю ў эфіры інтэрв'ю ўдзельнікаў пратэстаў, «відавочна атрыманых пад прымусам», было прыпыненае сяброўства БТ у Еўрапейскім вяшчальным саюзе — з перспектывай далейшага выключэння з арганізацыі.