Будзем з мінералкай

Новы цэх па вытворчасці мінеральнай вады павінен пачаць працаваць у ААТ «Новая Друць» Бялыніцкага раёна ўжо ў маі гэтага года. Плануецца таксама, што, акрамя лініі па разліву мінеральнай вады, у цэху будуць працаваць яшчэ дзве аўтаматычныя лініі — па разліву пітной і салодкай вады. Прадукцыйнасць кожнай лініі складзе каля 2 тысяч літраў вады за гадзіну.

Новы цэх па вытворчасці мінеральнай вады павінен пачаць працаваць у ААТ «Новая Друць» Бялыніцкага раёна ўжо ў маі гэтага года. Плануецца таксама, што, акрамя лініі па разліву мінеральнай вады, у цэху будуць працаваць яшчэ дзве аўтаматычныя лініі — па разліву пітной і салодкай вады. Прадукцыйнасць кожнай лініі складзе каля 2 тысяч літраў вады за гадзіну.
Будаўніцтва цэха па разліву мінеральнай вады ў ААТ «Новая Друць» ажыццяўляецца бялыніцкім ПМК №241, які з’яўляецца найбуйнейшым сярод чатырох будаўнічых і рамонтна-будаўнічых прадпрыемстваў Бялыніцкага раёна.
Згодна першапачатковым планам, цэх па вытворчасці пітной і мінеральнай вады, якая будзе дабывацца з тампанаваных свідравін, размешчаных на тэрыторыі «Новай Друці», павінен быў увайсці ў эксплуатацыю яшчэ ў першай палове мінулага 2010 года, але, як гэта ў нас часта бывае, штосьці не склалася, і тэрмін заканчэння будаўніцтва быў перанесены. Даходаў ад продажу «мінералкі» мінулым спякотным летам ААТ «Новая Друць» так і не атрымала…
Нагадаю, што ААТ «Новая Друць» з’яўляецца буйнейшым сельскагаспадарчым прадпрыемствам Бялыніцкага раёна. Таварыства ўваходзіць у лік дванаццаці прадпрыемстваў, што складаюць ААТ «Агракамбінат «Мачулішчы», які належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь. У Магілёўскай вобласці, акрамя «Новай Друці», Нацыянальнаму банку належыць яшчэ і ААТ «Александрыйскае», якое знаходзіцца на «малой радзіме» Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне.
Старшыня праўлення Нацбанку Пётр Пракаповіч у студзені гэтага года заявіў, што Нацбанк ужо прыступіў да продажу сваіх гаспадарак, і зараз ідзе падрыхтоўка да продажу двух прадпрыемстваў.
Пакуль жа плануецца, што ў гэтым годзе ў ААТ «Новая Друць» сіламі бялыніцкага ПМК №241 будуць пабудаваныя, акрамя цэха па разліву мінеральнай і пітной вады, яшчэ і сучаснае бульбасховішча, дваццаць адзін жылы дом сядзібнага тыпу ў аграгарадках Цяхцін і Вялікая Машчаніца, а таксама прадоўжана рэканструкцыя другой чаргі малочна-таварнага комплексу ў вёсцы Стараселле.
Супрацоўнікі ААТ «Новая Друць» жартуюць (а, як добра вядома, у кожным жарце ёсць доля жарту): «Дзякуй Богу, што ёсць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і яго грошы».