Былая журналістка стварае ў Вільні БЧБ-упрыгожанні і палову прыбытку данаціць каліноўцам
Свае першыя ўпрыгожанні Юлія стварыла падчас пандэміі каронавіруса. Яна шукала, чым можна адцягнуць сваю ўвагу ад навін. Менавіта тады пабачыла анлайн-курс па стварэнні брошак з бісеру. Не доўга думаючы, жанчына купіла курс і прынялася асвойваць вышыўку бісерам, распавядае «Наша Ніва».
Да таго моманту яна дзесяць гадоў працавала журналісткай, потым сям’я пераехала з Мінска ў Магілёў, атрымалася, што Юлія Чарнякова стала хатняй гаспадыняй. Яна спрабавала пячы торты на замову, а потым знайшла сябе ў стварэнні ўпрыгожанняў. Спачатку гэта было хобі, якое паступова перарасло ў крыніцу заробку.
Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты пасля фальсіфікацыі выбараў, Юлія пачала ствараць тэматычныя брошкі, прысвечаныя падзеям — напрыклад, бчб-парасоны, якія сталі адным з сімвалаў пратэсных маршаў.
— Наогул, натхненне да мяне прыходзіць рознымі шляхамі. Можа быць проста добры настрой, і хочацца зрабіць нешта на тэму прыроды, напрыклад. Але часта на мяне ўплываюць падзеі навокал, якія хочацца неяк адрэфлексіраваць з дапамогай творчасці. У 2020 годзе мяне вельмі натхнілі масавыя жаночыя маршы. З'явілася ідэя стварыць калекцыю жаночых вобразаў беларускай рэвалюцыі — так з’явіліся дзевяць брошак калекцыі «Femina кроў надзеі».
У Вільню мастачка пераехала ў 2021 годзе, ратуючыся ад пераследу. Пасля таго як пачалася вайна ва Украіне і быў сфарміраваны полк Каліноўскага, Юлія вырашыла, што стане пералічваць палову прыбытку ад продажу рэчаў з калекцыі «Femina кроў надзеі».
Нягледзячы на тое, што з моманту апошніх масавых пратэсных маршаў прайшло некалькі гадоў, мастачка зноў і зноў стварае бчб-упрыгожанні — кажа, што душа патрабуе.
— Яны не губляюць актуальнасці. Часам людзі прыходзяць і пытаюцца адразу: «А што ў вас ёсць пратэснай тэматыкі?» Я разумею, што ўсім тэма Беларусі баліць і людзі шукаюць магчымасці прадэманстраваць, што яны працягваюць знаходзіцца ў гэтым парадку дня.
Калі быў настрой павесяліцца, Юлія стварыла бчб-бранзалеты з трыма чарапахамі (па матывах легендарнай песні N.R.M.), а таксама коцікамі (згадаўшы выраз «беларусы — коцікі», які не раз гучаў у 2020 годзе).
Адказваючы на пытанне пра тое, колькі часу трэба на стварэнне адной брошкі, Юлія адзначае, што ўсё залежыць ад складанасці.
— У сярэднім на
брошку ці завушніцы трэба каля двух-трох дзён. Але, напрыклад, тыя складаныя
брошкі, якія ёсць у калекцыі «Femina кроў надзеі», патрабуюць значна больш часу. Там
сустракаюцца жаночыя твары, якія, бывае, даводзіцца перарабляць па некалькі
разоў. Самая складаная з іх — гэта брошка «Ягня», на яе сышло каля двух тыдняў.
Гэтая брошка трохчасткавая — дзяўчына на руках трымае маленькае ягня. Для мяне
гэта сімвал той ахвяры, якую беларускія жанчыны прынеслі рэвалюцыі.