Былы палітвязень Кабанаў: «У турме зняволены забіў правакатара»
Афіцыйнага пацвярджэння інфармацыі пра забойства ў магілёўскай калоніі пакуль няма. Паводле Кабанава, здарэнне адбылося месяц таму. Былы палітвязень распавёў «Свабодзе» падрабязнасці справы.

Былы палітвязень, блогер з Бярозы, які выехаў у эміграцыю, расказаў пра забойства, якое здарылася ў магілёўскай закрытай турме №4.
«Месяц таму ў магілёўскай турме асуджаны Ч. адрэзаў галаву асуджанаму Б. Адрэзаў «мыйкай». З Б. я сядзеў два месяцы ў адной камеры. Гэта быў правакатар опера (асуджаны, які робіць паслугі турэмнай адміністрацыі. — Рэд.). Такія турэмныя норавы», — паведаміў Аляксандр Кабанаў на сваёй старонцы ў Facebook 5 ліпеня.
Кабанаў правеў у магілёўскай закрытай турме год, а разам з часам у следчым ізалятары — паўтара. Былы вязень падзяліўся са «Свабодай» падрабязнасцямі гэтай гісторыі.
Паводле Аляксандра Кабанава, забойства адбылося ў самым пачатку чэрвеня. Пра здарэнне Кабанаву стала вядома нядаўна ад крыніц у турме. Былы палітвязень настойвае, што ўсё адбылося менавіта так, як ён кажа, расказаць пра спосаб атрымання інфармацыі ён не можа дзеля бяспекі крыніцы.
Глядзіце таксама

«У камеры сядзелі два чалавекі. Тыя камеры на першым паверсе — гэтак званыя «двушкі». Было гэта сярод белага дня. А чаму ніхто не заўважыў і не перашкодзіў? Там відэаназірання нідзе няма, турма старая, ахоўнікі «па вочках» сочаць рэдка, могуць і пару гадзін не зазіраць у камеру. То-бок часу было дастаткова», — расказвае Аляксандр Кабанаў.
Былы палітвязень сцвярджае, што падчас знаходжання ў магілёўскай крытай турме нейкі час сядзеў у адной камеры з тым вязнем Б.
«Хударлявы, малога росту, фізічна нямоцны чалавек, — згадвае Кабанаў. — Б. гэты быў правакатарам у оперупаўнаважанага Н. Яго падсаджвалі ў камеры, каб потым правакаваў на парушэнні, на якую бойку ці што іншае. Тыя, хто паводле 411-га артыкула (артыкул КК, які дазваляе павялічваць вязням тэрміны зняволення. — Рэд.) з турмы далей «ад’ехаў» — ягоных рук справа. Ён быў з асаблівасцямі, мог адбыцца з ім канфлікт, а потым і забойства», — не выключае Кабанаў.
Паводле звестак былога палітвязня, асуджанаму Б. сукамернік адрэзаў галаву так званай «мыйкай». Суразмоўца сцвярджае, што такое магчыма.
«Моцны ўдар па галаве, чалавек траціць прытомнасць, а далей усё робіцца «мыйкай». Гэта рэч вельмі вострая, адрэзаць у чалавека можна што заўгодна», — кажа Аляксандр Кабанаў.
«Мыйкай» у вязніцах завуць лязо ад аднаразовай брытвы, якімі асуджаныя карыстаюцца з дазволу адміністрацыі, але пад справаздачнасць. Бывае, што асуджаным удаецца схаваць «мыйку» ад ахоўнікаў у патаемным месцы. Паводле Кабанава, спрактыкаваны вязень можа з дапамогай «мыйкі» нанесці моцныя раны як сабе (пры спробе самагубства такое здараецца. — Рэд.), так і сукамернікам.
Глядзіце таксама

Вось што Аляксандар Кабанаў паведаміў пра асобу і далейшы лёс забойцы.
«Прозвішча Ч. Ёсць звесткі, што на волі паводзіў сябе агрэсіўна, біў жонку. Наркаман. З 10 гадоў, якія атрымаў па рашэнні суда, адбыў два. Цяпер перавялі ў СІЗА, пагражае яшчэ 20 гадоў за забойства з абцяжваючымі абставінамі», — расказаў былы палітвязень.
У 2021 годзе Кабанава асудзілі на тры гады калоніі па абвінавачанні ў грубым парушэнні грамадскага парадку і абразе прадстаўніка ўлады. У пачатку 2023 года ён выйшаў з турмы і адразу выехаў з Беларусі, дзе яго зноў аб’явілі ў вышук.
На сайце і афіцыйным тэлеграм-канале МУС звестак пра забойства зняволенага ў магілёўскай турме знайсці не ўдалося. Старонка Дэпартамента выканання пакаранняў таксама не змяшчае інфармацыі аб такім здарэнні.