Былы спецназавец патлумачыў жорсткасць сілавікоў
Былы супрацоўнік спецназа Беларусі, мастак Дзмітрый Багацішчаў — пра тое, што робяць з сілавымі структурамі, каб яны праяўлялі жорсткасць у адносінах да бяззбройнага мірнага насельніцтва.
— Гэта адбылося не ўчора і не сёння, гэта планамерная работа дзяржавы на працягу 20 гадоў, — распавёў былы спецназавец у інтэрв'ю ютуб-каналу «І Грымнуў Грэм».
Па словах Дзмітрыя Багацішчава, у асноўным гарадская моладзь, у адрозненне ад сельскай, успрымае службу ў войску як страчаны час у жыцці. Таму хлопцы з райцэнтраў і вёсак у большасці выпадкаў накіроўваюцца ў армію і ўнутраныя войскі.
Як адзначае былы сілавік, у войску малады чалавек падвяргаецца вялікім уздзеянням як фізічным, так і псіхалагічным.
— На плечы юнака падаюць сяржанцкія лычкі, то-бок з'яўляецца ўлада над сваімі ж падначаленымі, якія ўчора былі сябрамі.
На маіх вачах адбываліся не вельмі прыемныя рэчы. Да прыкладу, афіцэр ставіць перад выбарам маладога сяржанта: альбо ты будзеш камандаваць і падпарадкоўваць асабісты склад, альбо я паслязаўтра знайду іншага чалавека, які будзе табой камандаваць і цябе біць.
Атрымліваецца такое зачараванае кола, і многія людзі проста ламаюцца на вачах, звярэюць. Адбываецца трансфармацыя асобы: альбо з цябе робяць ідыёта, альбо калеку.
І потым сяржант атрымлівае поўную ўладу над асабовым складам з дапамогай благаслаўлення афіцэра.
У той жа час сярод афіцэраў ёсць шмат прыстойных людзей, падкрэслівае Дзмітрый.
— Пасля службы ў войску моладзь не хоча вяртацца ў родны калгас. Ісці на завод працаваць таксама жадання няма. Ісці ў інстытут — вялікіх разумовых здольнасцяў няма. Куды яны ідуць? У міліцыю, АМАП. І там адразу атрымліваюць пэўныя льготы, зарплаты, кватэры.
На думку былога спецназаўца, гэтая сістэма на працягу 20 гадоў стварала монстраў, якія неабходныя для яе падтрымання.
Дзмітрый Багацішчаўуспамінае, як у красавіку 1996 года, калі на вуліцах Мінска адбываліся вялікія хваляванні, яго роту вывозілі ваенныя аўтамабілі «Урал».
— Як толькі машыны пачалі набліжацца да пратэстоўцаў, адзін з нашых афіцэраў проста забіўся ў кут ад страху. Пасля гэтых хваляванняў камандаванне прыняло рашэнне ўзнагародзіць асабісты склад, і да нашага вялікага здзіўлення гэтага афіцэра павысілі ў званні. Таксама ўручылі яму ордэн.
Па словах Багацішчава, салдаты запатрабавалі, каб афіцэр не насіў гэтую ўзнагароду, пакуль яны не звольняцца. Ён з гэтым пагадзіўся.
— Тым не менш, не хачу прыніжаць крапавага берэта, адвагі, мужнасці вайскоўцаў і афіцэраў. Вельмі шмат таленавітых афіцэраў былі брудна выкарыстаны гэтай сістэмай і выкінутыя потым, а таксама незаслужана забытыя.
Былы супрацоўнік спецназа лічыць публікацыю адрасоў сілавікоў у інтэрнэце адэкватнай мерай:
— Людзі хочуць захаваць сваё жыццё і адстаяць свае правы.
Далейшыя падзеі, лічыць Багацішчаў, будуць развівацца па нарастаючай.
— За ўсё, што зрабілі (сілавікі — заўв. «Салідарнасці»), будуць адказваць. Чым раней яны гэта зразумеюць, тым лепш для іх.
gazetaby.info