Да журналісткі, якую сёння затрымлівалі, увечары прыйшлі невядомыя ў балаклавах

Дадому да фатографа Дар'і Сапранецкай прыйшлі людзі ў балаклавах. Яны стаяць пад дзвярыма, але Дар'я не адкрывае і стрыміць у Facebook.

Дар'я Сапранецкая. Архіўнае фота

Дар'я Сапранецкая. Архіўнае фота

Сёння ўдзень яе затрымлівалі побач з гасцініцай "Юбілейная", калі яна асвятляла пратэставы марш, але неўзабаве выпусцілі.
"Хвілінаў 15 таму мне патэлефанавалі з Кастрычніцкага РУУС і папрасілі вярнуцца, — распавядае Дар'я. — Але я кормячая маці і сказала, што нікуды не паеду. Яны сказалі, што прыехалі запрасіць мяне на азнаямленне з пратаколам на заўтра на 10:00. Але хіба людзі ў балаклавах прыязжаюць, каб запрасіць на азнаямленне з пратаколам?" — цытуе журналістку Еўрарадыё.
Радыё Свабода дадае, што да Дар’і Сапранецкай прыехаў намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў, але праваахоўнікі ўжо з'ехалі — на пляцоўцы каля яе кватэры цяпер ужо нікога няма, паведамляе БАЖ. Дар'я паабяцала заўтра прыйсці ў РУУС Кастрычніцкага раёна, каб азнаёміцца з адміністрацыйным пратаколам.