Былы вайсковец паведаміў пра рускае войска — абвінавацілі ў дзяржздрадзе Беларусі
Вайсковец у адстаўцы Дзмітрый Гулін стаў фігурантам крымінальнай справы аб «дзяржздрадзе».
Паводле рэгіянальнага дзяржСМІ, Дзмітрый Гулін нібыта паведамляў украінскім вайскоўцам аб размяшчэнні расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі і адкуль тыя запускаюць ракеты па Украіне. За гэта супраць мужчыны распачалі справу паводле артыкулу 356 КК РБ, паведамляюць брэсцкія праваабаронцы.
Паведамляецца, што Дзмітрый Гулін служыў ва Узброеных сілах Беларусі да 2012 года. Потым жыў і працаваў у Ташкенце. Пасля 2020 года нібыта «стаў агентам украінскіх спецслужбаў», за што быў затрыманы.
Гэта далёка не першы выпадак, калі ўлады пераследуюць беларусаў за фота і відэа з ваеннай тэхнікай. Так, баранавіцкага журналіста “Intex-press” Юрыя Ганцарэвіча асудзілі за гэта на 2 гады 6 месяцаў калоніі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — за фотаздымкі ваеннай тэхнікі, якія ён даслаў «Св*бодзе». А менавіта — «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам «аэрадром у Баранавічах».
Палітвязня Канстанціна Байсарава — на 2 гады калоніі. Яму ў віну паставілі тое, што 27 лютага — праз некалькі дзён пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну — хлопец зняў, як вайсковы самалёт пралятаў над тэрыторыяй Беларусі, і даслаў відэа ў чат-бот «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала. У выніку Канстанціна як аўтара відэа прыцягнулі да адказнасці і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ)
А яшчэ ў пачатку роліка рэгіянальнага брэсцкага СМІ прапагандыстам давала інтэрв'ю маладая мама Вольга Буян. Ёй прысудзілі 4 гады «хатняй хіміі» за тое, што 21 сакавіка 2022 года яна здымала вайсковую тэхніку і адправіла гэта ў тэлеграм-бот канала, што займаецца адсочваннем перасоўванняў расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі і прызнаны ў нашай краіне экстрэмісцкім.
Дзеянні Вольгі таксама кваліфікавалі па артыкуле 361-4 КК РБ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. У роліку дзяржСМІ Вольга Буян кажа: «Вынесла ўрок на ўсё жыццё: не ўвязвацца ў гэтыя тэмы, жыць сваім жыццём, цаніць сваю сям'ю і дзяцей». Гэтую ж думку вуснамі розных герояў паказваюць брэсцкія прапагандысты і ў іншых роліках з той жа серыі. Нярэдка сюжэт герояў падобны: знялі ваенную тэхніку, выклалі ў TikTok — потым прыйшлі сілавікі.