BYPOL: «Галоўнае, што мы захавалi жыццi людзей»

Ініцыятыва BYPOL сказала, што яны сарвалі тэракт, — а ў адказ абвінавацілі іх.

20__hruszecki_25_10_2020_logo.jpg

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў пракаментавала па просьбе «Свабоды» заяву МУС, у якой гаворыцца пра прадухіленне тэрактаў, сляды якіх нібыта вядуць у BYPOL.

«Сёння ноччу ў Печах аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы атрада хуткага рэагавання затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёна. Мужчына меў намер учыніць тэрарыстычны акт у мясцовай вайсковай частцы, яшчэ адзін — у Мінску. Праваахоўнікам удалося спыніць злачынствы, знайсці і абясшкодзіць самаробныя выбуховыя прылады», — гаворыцца ў тэлеграм-канале прэс-службы МУС.

У сваім паведамленні МУС дадае, што затрыманы падтрымліваў сувязь з ініцыятывай BYPOL і ад яе прадстаўніка атрымаў напярэдадні Дня Волі ў мэсенджар указанне ўчыніць выбух на тэрыторыі органа ўнутраных спраў або вайсковага фарміравання.

«Мы сарвалi планы ўлад па ажыццяўленні тэракта. У адказ у яго падрыхтоўцы абвiнавацiлi нас. Галоўнае, што мы захавалi жыццi людзей», — пракаментавалі паведамленне МУС у ініцыятыве BYPOL.

24 сакавіка BYPOL заявіў, што атрымаў інфармацыю аб падрыхтоўцы ўладамі тэракта, які дазволіць абгрунтаваць увядзенне надзвычайнага становішча. Паводле інфармацыі крыніц BYPOL, 25 сакавіка ў рамках плана па дыскрэдытацыі пратэснага руху і яго поўнай ліквідацыі сілы Камітэта дзяржаўнай бяспекі рыхтавалі тэрарыстычны акт у адным з будынкаў органаў унутраных спраў. У КДБ не сталі каментаваць гэтую заяву.