Чаму ўлады не даюць жыцця «Arche»?

Відаць таму, што часопіс адкрывае сапраўдную карціну нашага мінулага, якая абсалютна не адпавядае так званай дзяржаўнай ідэалогіі. Ці таму, што ўладзе не даспадобы ўсялякая вольная думка.



varche2008_06.jpg

Міністэрства інфармацыі Беларусі зноў адхіліла просьбу часопіса «Arche» перарэгістравацца з новым заснавальнікам. Гэтым разам міністэрства не задаволіла сама працэдура падачы дакументаў, хаця яна цалкам паўтарала мінулую спробу. 

Відавочна, што адмова ў новай рэгістрацыі выдання носіць не проста фармальны характар. Як адзначыў у каментары «Новаму часу» вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін, «сённяшняй уладзе не даспадобы ўсялякая вольная думка». «Усялякая, якая ідзе ад вольных людзей, таму ўладам гэта не падабаецца. «Arche» — недзяржаўнае выданне, і ўладзе наадварот было б выгадна паказваць, што ў краіне існуюць розныя меркаванні, што ёсць як дзяржаўныя выданні, так і прыватныя. Але маем тое, што маем, і на часопіс ідзе сапраўдная навала», — мяркуе спадар Марачкін. 

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас падтрымлівае пукнкт гледжання мастака: «Любое незалежнае выданне перашкаджае цяперашнім ўладам».

«У сістэме, якая ўсталявалася ў Беларусі, любое незалежнае выданне можа чакаць такі самы лёс. Што тычыцца, у прыватнасці, «Arche», то, відаць, незадавальненне яго існаваннем выклікана тым, што гэты часопіс адкрывае сапраўдную карціну нашага мінулага, якая абсалютна не адпавядае так званай дзяржаўнай ідэалогіі. Часопіс «Arche» — гэта вельмі важная крыніца сапраўднай гістарычнай інфармацыі, гэта крыніца, якая публікуе абсалютна ўнікальныя, невядомыя дакументы, вельмі важныя, што дапамагаюць адбудоўваць наша гістарычнае мінулае, якое было схаванае ад нас. Наша гісторыя падвяргалася свядомым, мэтанакіраваным фальсіфікацыям, перапісвалася ва ўгоду пэўнай імперскай гістарычнай дактрыны, і таму мы дагэтуль жывем у інфармацыйным вакууме, які тычыцца нашай гісторыі», — падкрэсліў вядомы рэжысёр і педагог.

Як нагадвае прэс-служба БАЖ, першы раз у перарэгістрацыі «Arche» адмовілі ў канцы мінулага года. У лістападзе журналісты, што працавалі над выданнем «Arche-Пачатак», накіравалі ў Мінінфарм просьбу зрабіць заснавальнікам і выдаўцом часопіса ТАА «Гайсак» і перарэгістраваць выданне. У снежні выданню адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны неадпаведнасці заяўленага галоўнага рэдактара кваліфікацыйным патрабаванням: маецца на ўвазе неабходны пяцігадовы стаж працы на кіруючых пасадах адпаведнага профілю.