Хто і што стаіць за адстаўкай дэкана Юрыя Быкава?

24 верасня на сайце catholic.by з’явілася інфармацыя пра пастырскую сустрэчу рыма-каталіцкага духавенства Магілёўскай вобласці, якая адбылася пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага. Калі казаць дакладна і на наш, усходні, лад, гэта быў сінаксіс духавенства Магілёўскага дэканату, у якім налічваецца 12 парафіяў. Усяго ў сустрэчы бралі ўдзел 10 святароў і адзін дыякан.



pyd1v9p_3nq.jpg

Не магло не кінуцца ў вочы, што амаль кожны трэці святар дэканата мае выразна польскія прозвішчы і нетутэйшыя імёны: Ежы Вежхоўскі, Гжэгаж Ксёнжэк, Роберт Мацееўскі. Хто з айцоў лічыць сябе палякам яшчэ — тое мне невядома.

Неўзабаве пасля гэтага сінаксісу на тым самым сайце з’явілася інфармацыя аб персанальных зменах (кадравых перастаноўках) у Менска-Магілёўскай архіепархіі Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

З гэтага тэксту я даведаўся, што з 5 кастрычніка 2015 г. магілёўскім дэканам і адміністратарам з правамі настаяцеля магілёўскай парафіі Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. Станіслава будзе служыць святар Віталій Драздоўскі, які да гэтага служыў у Менску.

Айцец Віталій заменіць на новых пасадах святара Юрыя Быкава.

Святар Юры Быкаў быў прызначаны на пасаду магілёўскага дэкана тэрмінам на 5 гадоў 1 жніўня мінулага года. 10 жніўня 2014 г. біскуп Юры Касабуцкі прадставіў яго рыма-каталікам горада на Дняпры. Заадно а. Юрыю даручалася духоўная апека рыма-каталікоў Бялыніцкага раёна (парафіі Маці Божай Бялыніцкай).

Адзначу, што да Магілёва святар Юры Быкаў працяглы час служыў у Бабруйску. І служыў, мабыць, добра, калі яго прызначалі дэканам у абласны цэнтр.

За што ж на а. Юрыя раптам абрынулася такая няміласць? Чаму ён праслужыў у Магілёве замест пяці гадоў толькі 1 год і няпоўныя 2 месяцы?

Адказ, думаю, трэба шукаць у другім абзацы гэтага майго тэксту. Польскі епіскапат Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі вельмі чуйна ставіцца да завезеных з Польшчы святароў.

Варт адзначыць, што а. Юры Быкаў быў, наколькі мне помніцца, першы беларус на пасадзе магілёўскага дэкана. Да гэтага дэканамі служылі Уладзіслаў Блін, потым першы віцебскі біскуп (пра тое, куды і чаму ён знік, трэба пісаць асобны тэкст), і Раман Факсінскі, у якога летась былі візавыя праблемы і які потым пайшоў на павышэнне — служыць цяпер пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі .