Ці «свеціць» амністыя палітвязню Міхаілу Жамчужнаму?
Палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму знаходзіцца ў ПКТ Горацкай калоніі і не губляе надзею патрапіць пад амністыю.
“Міхаіл мне напісаў, што мае вялікае жаданне выйсці на волю па амністыі, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік, які лістуецца з вязнем. – Таму зараз дамагаецца таго, каб з яго знялі ўсе спаганнні, якія яму вынесла адміністрацыя калоніі”.
“Калі суд стане на бок вязня, то Жамчужны можа патрапіць пад амністыю. Тым больш, што ён ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту”, – кажа праваабаронца.
Са слоў Свеціка, месяц таму ён звярнуўся з прапановай у Палату прадстаўнікоў, каб у акт амністыі былі ўнесены артыкулы, па якіх асуджаны Міхаіл Жамчужны.
“Уцямнага адказу я так і не атрымаў, бо напісалі, што ў вышэйзгаданы акт унесены прапановы па “наркатычным” артыкуле, але якое дачыненне мае да гэтага Міхаіл?” – працягвае Леанід Свецік.
Міхаіл Жамчужны напісаў таксама, што мае праблемы з доступам да атрымання вітамінаў.
“Дзевяць разоў ён з гэтай нагоды звяртаўся да адміністрацыі, але сітуацыя не змянілася, – адзначае праваабаронца. – Натуральна, чалавек непакоіцца пра сваё здароўе. У яго ў апошні час вельмі пагоршыўся зрок, змяняецца касцяны сустаў, бо амаль увесь час праводзіць у ПКТ альбо ШІЗА, а таму практычна не бачыць сонца.
Напрыклад, каб хоць нейкім чынам кампенсаваць адсутнасць кальцыя ў арганізме, Міхаіл ужывае рыбу разам з касцямі. Гэта, натуральна, дзікавата, калі мы кажам пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах. На вуліцы не першабытныя часу, але выглядае ўсёй менавіта такім чынам”.
Таксама, са слоў Міхаіла, яго па-ранейшаму ізалююць ад іншых вязняў.
“Раней Жамчужны аказваў многім людзям у калоніі прававую дапамогу, але зараз ён цалкам ізаляваны, – дадае Леанід Свецік. – Нават калі палітвязня вядуць па калідоры, то астатніх зняволеных заганяюць у камеры. Міхаіл не бачыць людзей месяцамі, таму сітуацыя для яго складаная і ў фізічным, і ў маральным плане”.
***
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
palitviazni.info
Фота: spring96.org