Ціснуць на маці анархіста Яўгена Жураўскага
Ціск праз маці аказваецца на яшчэ аднаго анархіста, які з’ехаў з Беларусі і супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа, пішуць праваабаронцы.
У кастрычніку супраць актывіста анархісцкага руху Яўгена Жураўскага завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК за акцыю памяці Зельцэра ў Польшчы.
18 лістапада ў Баранавічах адбыўся “пагромны” ператрус у маці Яўгена. Сілавікі выбілі дзверы, а пасля ператрусу канфіскавалі некаторыя рэчы. Але на гэтым, па словах актывіста, ціск на яго не скончыўся.
«Патэлефанавалі маме з падатковай, сказалі, што вельмі хочуць са мной паразмаўляць на тэму вялікіх сум з захаду, якія я нібыта атрымліваў з 2010 па 2020 гады. У выпадку маёй няяўкі пагражалі прыйсці і апісаць маёмасць. Мама адказала, што гэта нейкае трызненне, на што ёй сказалі што яна пра мяне нічога не ведае і запрасілі да сябе, маўляў там пакажуць усё і раскажуць», — распавёў “Вясне” Яўген.
Актывіст адзначае, што з маці ён не жыве з 2011 года, а ў кватэры, у якой адбыўся ператрус, не прапісаны ўжо гадоў 8-9.
«Я думаю, што гэта чарговая спроба запалохаць мяне праз ціск на сям'ю. Ператрус не дапамог — і яны пайшлі далей», — кажа Яўген.
Нагадаем, ціск праз маці таксама аказваецца і на анархіста Рамана Халілава. Супраць яго маці Гаянэ Ахціян узбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Сілавікі апублікавалі відэа з ператрусу «Родители в ответе за своих детей». Гаянэ прызнаная палітычнай зняволенай.