Цяпер кастрычнік. ICAO перанесла разгляд справаздачы аб прымусовай пасадцы Ryanair у Мінску
Папярэднія вынікі расследавання Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) павінны былі з'явіцца 13 верасня, але іх так і не апублікавалі.
Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі перанесла на
кастрычнік разгляд папярэдняй справаздачы па інцыдэнце з рэйсам Ryanair. Пра
гэта паведаміла агенцтва РИА «Новости» са спасылкай на Дэпартамент па авіяцыі
Беларусі, якому прыйшло такое паведамленне з ICAO. На сайце самой міжнароднай
арганізацыі такой навіны няма.
Папярэднія вынікі расследавання ICAO павінны былі
з'явіцца 13 верасня, але ў той дзень іх не апублікавалі. Раней расійскі
прадстаўнік у ICAO Сяргей Гудкоў заявіў, што арганізацыя не змагла абмеркаваць
папярэднюю справаздачу па сітуацыі з Ryanair у ходзе пасяджэння 13 верасня.
Новая дата абмеркавання тады не была прызначаная.
«Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі апавясціла
беларускі бок аб пераносе на кастрычнік разгляду папярэдняй справаздачы па
інцыдэнце з самалётам кампаніі Ryanair», — распавялі ў дэпартаменце па авіяцыі
Беларусі.
Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) рыхтуе
даклад з папярэднімі высновамі пра інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair,
які на шляху з Афін да Вільні прымусова пасадзілі ў Мінску 23 мая. На
борце знаходзіўся апазіцыйны журналіст і блогер Раман Пратасевіч, яго затрымалі.
Дэлегацыя ICAO наведвала Беларусь у канцы жніўня.
Чакаецца, што канчатковыя высновы агучаць у лістападзе на
сесіі Рады ICAO. Што тычыцца прамежкавага дакладу для Рады ICAO, дык яго дэталі
могуць агучыць толькі са згоды дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю. Калі
такая дамова паміж дзяржавамі будзе, ІСАО мае апублікаваць прэс-рэліз
неўзабавае пасля дакладу, паведамілі раней «Свабодзе» прадстаўнікі арганізацыі.