Цярэшчанку адмовілі ў распачацці крымінальнай справы па факце атручвання

Паколькі ў канчатковым дыягназе гаворка ідзе пра паталогію, якая з'яўляецца алергічнай рэакцыяй.



vid1.jpg

Віктару Цярэшчанку адмовілі ў распачацці крымінальнай справы па факце яго атручвання маркоўным фрэшам. Як паведамляе сайт belprauda.org, канчатковы дыягназ, які паставілі лекары і які быў зафіксаваны ў пастанове пра адмову распачаць крымінальную справу — "востры ацёк Квінке, паляпшэнне".Згаданы ацёк — гэта паталогія, якая звычайна з'яўляецца алергічнай рэакцыяй, якая характарызуецца ацёкам слізістых абалонак, падскурнай клятчаткі і скуры на твары і шыі.

Нагадаем, раніцай 28 жніўня патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка і кіраўнік яго ініцыятыўнага штаба снедалі ў кавярні на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Раптоўна пасля некалькіх глыткоў соку ў Цярэшчанкі "пачалі свярбець вочы, а яшчэ праз 5 хвілін ён проста змяніўся з твару ― апух і збялеў". Яго забрала "хуткая", якая адвезла палітыка ў лякарню. Віктар Цярэшчанка быў упэўнены, што яго атруцілі.

Дарэчы, ён не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты, паколькі з 130 тысяч здадзеных подпісаў сапраўднымі ЦВК палічыў толькі менш за 7 тысяч.