Cпартыўны інвентар у падарунак беларускім школам

У рамках знешняй палітыкі ў галіне культуры Федэральнае міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германія ўжо на працягу доўгага часу актыўна аказвае дапамогу і ў развіцці спорту за мяжой.



20120106_130433_873.jpg

Галоўнай мэтай пры гэтым з'яўляецца развіццё масавага спорту, дзеля чаго прадпрымаюцца розныя меры. Сюды адносіцца таксама перадача ў падарунак спартыўнага інвентару за кошт сродкаў, якія выдаткоўваюцца з бюджэту для падтрымкі спорту.

 

Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь і ў гэтым годзе атрымала магчымасць аказаць фінансавую дапамогу 13 беларускім школам у набыцці спартыўнага інвентару на агульную суму 5200 еўра, прычым школы самі вызначылі свае патрэбы і адпаведны інвентар быў набыты ў Рэспубліцы Беларусь.

Гэтыя школы маюць асабліва інтэнсіўныя сувязі з Германіяй, паколькі яны ўдзельнічаюць або ў ініцыятыве «Школы: партнёры будучыні» — глабальнай сетцы, у якую  ўваходзяць каля 1500 школ-партнёраў, што падтрымліваецца Федэральным урадам Германіі, альбо ў пілотным праекце для школ з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы з мэтай атрымання Дыплома па нямецкай мове 1-й ступені.

Гэтыя ініцыятывы ахопліваюць наступныя школы: СШ № 7 у Брэсце, СШ № 15 і № 28 у Гродне, СШ № 20, № 73, № 206 і гімназіі № 24 і № 56 у Мінску, гімназію № 2 у Пінску, гімназію № 2 у Слуцку, а таксама СШ № 27 у Бабруйску, № 45 у Віцебску і № 49 у Гомелі.

27 лютага ў 12:00 Пасол Германіі Вальфрам Маас перадасць спартыўны інвентар у падарунак гродзенскай СШ № 15 (вул. Міра, 15), а 28.02.2013 у 11:45 — СШ № 28 гэтага горада (вул. Брыкеля, 11).

Перадача спартыўнага інвентару у Мінску запланавана на сёння, 20 лютага, у 12:00 для школы № 73 (вул. Калініна, 17) і на 01.03.2013 у 12:00 для гімназіі № 24 (вул. Інтэрнацыянальная, 40).

Па інфармацыі Пасольства Германіі