ЦВК не будзе рэагаваць на затрыманне Садоўскага
Цэнтрвыбаркам не будзе рэагаваць на затрыманне на выбарчым участку адказнага сакратара аркгамітэту БХД, давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Максіма Гацака і каардынатара кампаніі назірання «Права выбару» Дзяніса Садоўскага.
«Паводле Вашага звароту аб затрыманні супрацоўнікамі органаў унутраных спраў Вашай даверанай асобы паведамляем, што Цэнтральная камісія не дае прававую ацэнку дзейнасці названых органаў. Такім чынам, просьба, выкладзеная ў Вашым звароце, не адносіцца да кампетэнцыі Цэнтральнай камісіі», — гаворыцца ў адказе на электронны зварот з прычыны затрымання Садоўскага за подпісам Лідзіі Ярмошынай.
Нагадаем, што Дзяніса Садоўскага затрымалі ўчора на выбарчым участку № 53 Чыгуначнай выбарчай акругі. Спачатку старшыня камісіі і яго намеснік не хацелі пускаць Садоўскага на ўчастак, а пасля таго, як ён паабяцаў напісаць скаргу на дзеянні выбарчай камісіі, сталі не выпускаць з участку, выклікалі міліцыю і даставілі ў следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. У панядзелак над Садоўскім адбудзецца суд.
Скаргі на затрыманне Садоўскага былі скіраваныя ў ЦВК, пракуратуру і РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска, а таксама ў Кастрычніцкую раённую камісію. У іх адзначалася, што на выбарчым участку №53 Садоўскі знаходзіўся як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Максіма Гацака згодна з п. 2 арт. 76 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і «Дапаможнікам для сябраў участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання».
Паводле bchd.info