Чыноўнікі сінявокай саромеюцца апрылюдніваць свае дэкларацыі аб даходах

Беларусы яшчэ не хутка змогуць даведацца пра даходы сваіх чыноўнікаў з-за сарамлівай пазіцыі ўладаў па гэтым пытанні. Пытанне пра адкрытасць дэкларацый аб даходах чыноўнікаў паўстала ў парламенце пад час абмеркавання закона аб карупцыі.



deklar_dohod.jpg

«Не трэба слепа капіяваць практыку іншых краін», — заявіў у парламенце генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк. «Навошта гэта рабіць? Задавальняць абывацельскую цікавасць аб тым, у каго што ёсць?.. Мне таксама здаецца, што гэта не зусім этычна. Гэта ж наўпроставае навядзенне. Навошта гэта рабіць?» — сказаў генпракурор, якога цытуюць афіцыйныя СМІ.

Сваё меркаванне ён падмацаваў вельмі дзіўным аргументам — прыкладам аб нядаўнім рабаванні па наводцы грамадзяніна, які прадаваў сваё аўто.

Сёння ніжняя палата парламента прыняла ў першым чытанні праект закона аб карупцыі.

Дакумент уводзіць забарону на паўторны прыём на дзяржслужбу асоб, якія раней былі звольненыя са службы па дыскрэдытуючых абставінах. Акрамя таго, удасканальваецца парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобных катэгорый дзяржаўных службовых асоб для максімальна поўнага ўстанаўлення іх рэальнага маёмаснага становішча. У праекце прапісаны механізм звароту ў даход дзяржавы незаконнага ўзбагачэння, атрыманага дзяржаўнай службовай асобай.

Паводле АФН