Чулі пра праект чыгункі ў аэрапорт? У эколагаў да яго ёсць пытанні
Пару тыдняў таму з'явіліся навіны, што на грамадскае абмеркаванне вынесены праект хуткаснай чыгункі з Мінска ў аэрапорт. Аб гэтым паведаміла адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска.
Нагадаем, чыгунку прапануецца працягнуць у індустрыяльны парк «Вялікі камень» і Нацыянальны аэрапорт Мінск праз тэрыторыі Першамайскага, Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў, а заказчыкам выступае дзяржаўнае аб'яднанне «Беларуская чыгунка».
Аднак у экалагічнай арганізацыі «Эк*дом» з'явілася некалькі пытанняў да справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння праекта на навакольнае асяроддзе (АУНА).
— Па-першае, няма разліку шумавога ўздзеяння ад праектуемага аб'екта на навакольнае асяроддзе. А гэта, на хвілінку, чыгунка, якая ідзе праз горад, па ёй будуць хадзіць цягнікі. Гэта шмат шуму, — дзеляцца эксперты. — Па-другое, не прадастаўленая справаздача або даныя даследавання са справаздачы аб тым, якія віды жывёлаў насяляюць раён праектавання аб'екта. Атрымліваецца, што або кампетэнтныя спецыялісты не вывучалі, ці ёсць у месцы забудовы «чырванакніжнікі», або звесткі пра гэта чамусьці вырашылі не ўключаць у матэрыялы для грамадскіх абмеркаванняў.
Эколагі паабяцалі даслаць свае заўвагі чыноўнікам. Самі грамадскія абмеркаванні праходзяць да 15 снежня і паўдзельнічаць у іх можа кожны.
— Калі вы хочаце арганізаваць сход, дзе вы зможаце задаць свае пытанні чыноўнікам, то трэба да 28 лістапада адправіць у адміністрацыю Першамайскага раёна заяву аб неабходнасці правядзення такога сходу, — тлумачыць Эк*дом. — У нас ёсць прыклад заявы, смела карыстайцеся.
Альтэрнатыўна, можна вывучыць справаздачу аб АУНА на сайце адміністрацыі і накіраваць свае заўвагі і прапановы да 15 снежня адным з наступных спосабаў:
- зрабіце запіс у часопісе рэгістрацыі пісьмовых заўваг і прапаноў у вестыбюлі будынка адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска па адрасе: зав. Чорнага, 5 (хол 1-га паверха) з 8-00 да 20-00, у суботу з 9-00 да 13.00
- напішыце адміністрацыі на электронную пошту: perv.arhit@minsk.gov.by.