Чыноўнікі папрасілі выданне Hrodna.life выдаліць першакрасавіцкі жарт

На сайце Hrodna.life у Дзень дурня выйшла некалькі жартаўлівых навінаў з прыпіскай у канцы: «Раім звярнуць увагу на дату ў календары». Адну з іх папрасілі выдаліць чыноўнікі гарвыканкаму і аблвыканкаму, распавядае svaboda.org.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Навіна», якая не спадабалася чыноўнікам, расказвала, што Горадня стане горадам-пабрацімам казахскай сталіцы Нур-Султану і што беларускі горад атрымае ў падарунак помнік экс-прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву. У Казахстан нібыта збіраюцца выслаць помнік з Горадні, прычым хочуць адказаць помнікам жывому чалавеку, а «былых прэзідэнтаў у Беларусі яшчэ няма», таму прапануюць падарыць помнік намесніку старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Віктару Лісковічу.
Як сцвярджае Hrodna.life, тэлефанаванняў ад самаго Лісковіча не паступала: з аблвыканкаму тэлефанаваў намеснік начальніка аддзелу ідэалогіі Сяргей Шумейка, таксама тэлефанавалі з гарвыканкаму. Ён не пацвердзіў і не абверг Свабодзе факт размовы.​
«Не будзем даваць ніякіх каментароў, там напісана што напісана, — адказаў Шумейка. — Яны напісалі першакрасавіцкі жарт, што тут скажаш».

Рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, архіўнае фота

Рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, архіўнае фота

Пагрозаў у тэлефанаваннях не было, расказаў Свабодзе рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, але былі намёкі: судовыя выдаткі вялікія, трэба да іх рыхтавацца. Ды ў Hrodna.life перакананыя, што калі з такой нагоды на выданне пададуць у суд, гэта будзе «класны кейс».
«Мы вельмі любім Віктара Лісковіча, які хоць і кобрынец, але для нас сапраўдны гарадзенец, — запэўніў Свабоду Шота. — Таму жартам яго згадалі. Каля паловы на 11-ю быў першы званок, з аблвыканкаму спадар Шумейка… не тое, каб агрэсіўна, але з веданнем справы тлумачыў, чаму трэба зняць гэты тэкст.
Патлумачылі яму, што так, такі тэкст ёсць, але мы не будзем нічога мяняць. Хаця б таму, што ёсць кэш Google — і будзе як з „пракапенягейтам“, што нешта знялі, а гэта ж было. Ён сказаў, што зразумела, ён не супраць, але Лісковіч пакрыўдзіцца, навошта яго раздражняць.
Праз паўгадзіны быў званок з гарвыканкаму, што іх будуць шчыміць за такі тэкст, давайце яго здымем. Адказалі тое самае».