Да артыста філармоніі прыйшлі на працу міліцыянты, сувязі з ім няма

Сёння ўдзень міліцыянты прыйшлі на працу да артыста камернага хору Белдзяржфілармоніі Дзяніса Іванова. Пасля гутаркі яны забралі яго з сабой.

Дзяніс Іваноў, tuzin.fm

Дзяніс Іваноў, tuzin.fm


«Прыйшлі на працу, папрасілі запрасіць яго, прайшлі ў кабінет, пагаварылі, і ўвезлі на допыт. Дзяніс казаў, што ўсё добра», — падзялілася з «Новым Часам» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Суразмоўца гаворыць, што візіцёры не прадстаўляліся, але, верагодна, гэта былі прадстаўнікі Першамайскага РУУС.
Прайшло ўжо больш за тры гадзіны з моманту затрымання, а Дзяніс усё яшчэ не выйшаў на сувязь. 
Меркавана, падставай для затрымання стала акцыя ў Dana Mall. 14 студзеня ў холе гандлёвага цэнтру вывесілі бел-чырвона-белы сцяг памерам у некалькі паверхаў. Там жа выступіў «Вольны хор».
Тады сцяг правісеў гадзіну, пасля чаго ахова яго зняла.
У лістападзе артыста ўжо затрымлівалі разам з віялянчалістам Аляксандрам Сердзюковым, і таксама ў будынку філармоніі. Тады абодвум прысудзілі па 15 сутак арышту за «хуліганства».