Да Лагвінцоў прыйшла «сацыяльная праверка»

Да жонкі і малога сына палітолага Лагвінца прыйшла «сацыяльная праверка». Настаўнікі праверылі «сацыяльнае становішча» сям’і, дзе бацька быў пакараны па палітычных матывах.

Вераніка Мазуркевіч, Алесь Лагвінец і іх маленькі сын Уладзімір. Фота Змітра Русака. nn.by

Вераніка Мазуркевіч, Алесь Лагвінец і іх маленькі сын Уладзімір. Фота Змітра Русака. nn.by

Настаўніцы 218-й мінскай школы прыйшлі ў дом да былога намесніка старшыні Руху «За Свабоду» палітолага Алеся Лагвінца і яго жонкі Веранікі Мазуркевіч, каб праверыць, ці не знаходзіцца іх гадавалае дзіця ў «сацыяльна небяспечным становішчы». Свой візіт двое педагогаў патлумачылі пастановай, якая прыйшла ім з суду.

Настаўніцы перапісалі мэблю ў кватэры грамадскага дзеяча і праверылі, ці на вокнах ёсць фіранкі. З размовы педагогаў Вераніка Мазуркевіч зразумела, што сярод сем’яў, якія ім загадалі спраўдзіць, знаходзяцца некалькі сем’яў, дзе бацькі былі пакараныя за ўдзел у нядаўніх палітычных пратэстах.

Вераніка Мазуркевіч распавяла:

— Яны зайшлі ў кватэру і пачалі зачытваць мне пастанову суду. Пасля гэтага яны папрасілі мне «патлумачыць паводзіны мужа». Яны папрасілі мяне паўплываць на мужа, таму, што «калі працягнуцца такія выпадкі», то нашую сям’ю могуць паставіць на ўлік як небяспечную для малога дзіцяці. У любым выпадку, іх прыход быў скіраваны на тое, каб запужаць, нейкім чынам паўплываць на бацькоў, для якіх, безумоўна, самае дарагое — гэта дзеці.

23 сакавіка Алеся Лагвінца выкралі і збілі амапаўцы ў цывільным. Чатыры дні ён правёў пад вартай у шпіталі, пасля чаго суддзя суду Маскоўскага раёна Мінска Віктар Казак пакараў яго 10 суткамі арышту. На судзе амапаўцы заяўлялі, што палітолаг «лаяўся матам», а пералом носу і чэрапна-мазгавую траўму Алесь Лагвінец атрымаў, бо «сам біўся галавой аб крэсла ў службовай машыне».

radyjo.net