Да Уладзіміра Мацкевіча не пускаюць яго адваката

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. У чым ён абвінавачваецца, спрабуе разабрацца адвакат Дзмітрый Лазавік. Пакуль марна. Магчыма, філосафа ўжо дапыталі

108812586_10223578395033996_7960809642478036856_n_1200x676.jpg

Пра гэта адвакат Дзмітрый Лазавік паведаміў @nashaniva. Ён адзначыў, што дагэтуль не змог наведаць свайго падабароннага, якога затрымалі два дні таму.

Адвакат разлічваў, што раніцай у пятніцу, 6 жніўня, здолее атрымаць у УСК інфармацыю аб тым, хто з'яўляецца следчым па справе, ці можа ён сустрэнецца з падабаронным і ў чым сутнасць прад'яўленых філосафу прэтэнзій.

Аднак пакуль адвакат нічога не здолеў даведацца. Пра гэта адвакат Дзмітрый Лазавік паведаміў @nashaniva.

«4 жніўня з’явілася інфармацыя, што ва Уладзіміра праводзіцца ператрус, з ім знікла сувязь, у нас быў інфармацыйны вакуум. Учора я прыехаў на Акрэсціна, прадставіўся, папрасіў наведаць свайго падабароннага.

Дзяжурны адказаў мне, што гэта можна зрабіць толькі з дазволу следчага. Я ўдакладніў, за кім замацаны Мацкевіч. Мне адказалі: за Следчым камітэтам па Мінску. Праз некалькі гадзін я адвёз туды апавяшчэнне аб прыняцці абароны.

Сёння раніцай я зноў прыехаў у СК, але ў іх адбывалася «мерапрыемства па ўручэнні пасведчанняў». Пакуль што мне не ўдалося наведаць Уладзіміра, але мяркую, што 4 жніўня з ім праводзіліся нейкія следчыя дзеянні. Дапускаю, з парушэннямі, бо ён ведаў пра наяўнасць у яго адваката. Сёння буду яшчэ раз спрабаваць сустрэцца з ім».

Разам з тым Дзмітрый Лазавік не выключае, што для грамадскасці сітуацыя з затрыманнем Уладзіміра Мацкевіча можа не праясніцца і ў пятніцу: «З мяне могуць узяць падпіску аб невыдаванні даных папярэдняга следства, аж да сутнасці прад'яўленых абвінавачванняў і канкрэтных артыкулаў КК», — канстатаваў адвакат у каментары thinktanks.by.