Да канца года на памежным пераходзе «Казловічы» запусцяць электронную чаргу
Пілотны праект па ўкараненні сістэмы электроннага браніравання чаргі ў пункце пропуску «Казловічы» будзе завершаны да канца бягучага года. Пра гэта 24 верасня пасля мерапрыемства ў гонар завяршэння рэканструкцыі пункта пропуску «Прывалка» паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Леанід Мальцаў.
Так званая электронная чарга на памежных пераходах будзе ўкараняцца ў Беларусі як адна з мераў па ўдасканаленні працэдуры перасячэння мяжы, яна дазволіць знізіць нагрузку ў пунктах пропуску. Падрыхтоўка пляцоўкі для эксперыменту вядзецца ў пункце пропуску «Казловічы» на беларуска-польскім напрамку. Завяршаюцца наладчыя працы, да канца года пілотны праект павінен запрацаваць у тэставым рэжыме на грузавым тэрмінале «Казловічы-2», піша БелТА.
Сэнс праекта ў тым, што жадаючыя перасекчы мяжу (у першую чаргу перавозчыкі грузаў) змогуць выйсці на партал Дзяржпагранкамітэта, забраніраваць час, прыехаць у вызначаны час на пункт пропуску і прайсці працэдуру афармлення. Таксама рэалізуюцца інфраструктурныя рашэнні, дзякуючы якім у сэрвіснай зоне можна будзе пачакаць сваёй чаргі ў камфортных умовах.
Сярод іншых новых падыходаў, укараняемых у пунктах пропуску, — сучасныя спосабы мытнага афармлення, такія як электроннае дэклараванне. З’яўляецца найноўшае дагляднае абсталяванне, якое здольна ў дзесяткі разоў павялічыць хуткасць дагляду аўтамабіляў і таксама паўплываць на прапускную здольнасць.
Праца па ўкараненню такіх мер праводзіцца і на іншых пунктах пропуску, у тым ліку на тэрыторыі Гродненскай вобласці. Наступным пунктам пропуску, дзе плануецца ўкараніць электронную чаргу ў 2015 годзе, стане «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы.