Да прысуду па справе "тэрарыстаў" два дні
Маці Уладзіслава Кавалёва, абвінавачваемага ў арганізацыі выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.
Маці Уладзіслава Кавалёва, абвінавачваемага ў арганізацыі выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.
Яна просіць кіраўніка дзяржавы “як сына, бацьку і чалавека захаваць жыцці яе сыну Уладзіславу і Дзмітрыю Канавалаву.
“Не ведаю, ці пачуеце вы гэты зварот, або ад вас зноў схаваюць праўду. Не дайце пазбавіць жыцця сыноў, чыя вінаватасць выклікае вялікі сумнеў, — звярнулася да Лукашэнкі Любоў
Кавалёва. — Я заклікаю вас сказаць сваё апошняе слова: правесці дадатковае і стараннае расследаванне гэтай справы. Не спяшацца з вынясеннем рашэння, падумаць. Я гатова ахвяраваць сабой. Я
гатова да таго, каб расстралялі мяне замест майго сына. У нас няма права на памылку. На месцы майго сына мог апынуцца любы чалавек.
Жанчына перакананая, што яе сын і Дзмітрый Канавалаў не рабілі гэтага злачынства.
— Дарагія людзі, я адчуваю боль ад страты блізкіх і перанесеных пацярпелымі раненняў. Я жыву з вамі на адной беларускай зямлі і прашу ў вас прабачэння, што вам давялося перажыць. Але
паверце мне, ні мой сын — Улад, ні Дзіма Канавалаў не з’яўляюцца віноўнікамі гэтага жудаснага злачынства. Пасля так званага суда і следства на чашу былі пастаўленыя
"прызнанні" Дзімы, якія былі атрыманыя ў пешыя дні папярэдняга следства падчас допытаў без адвакатаў. Як здабываюцца такія паказанні, мы усе ведаем. Дзіма быў моцна збіты, аб гэтым
сведчыў і Улад, і дзяўчына, што была з імі, — Яна Пачыцкая. І калі сёння нехта яшчэ не разумее, што адбываецца вакол нас, і хоча запатрабаваць дадатковай нявіннай крыві да тых пятнаццаці
ахвяраў, я гатовая ахвяраваць сабою, — заявіла Любоў Кавалёва падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.
Яна распавяла, што менавіта ў часе судовага працэсу маці другога абвінавачваемага Дзмітрыя Канавалава замкнулася ад людзей. “Мы кантактавалі, і да суда, і падчас следства я хадзіла да
яе. Мама Дзімы да суда сапраўды была мамаю — яна плакала, перажывала. Але што здарылася пасля таго, як пачаліся судовыя слуханні? Яна не прыехала. Я пайшла да яе, і пабачыла іншага чалавека
— запалоханага. Ёй было вельмі цяжка размаўляць. Думаю, нешта ёй сказалі, не дарэмна яна так стала паводзіцца ў адносінах да Дзімы, да мяне, — распавяла маці
абвінавачваемага.
Сястра Уладзіслава Кавалёва таксама перакананая, што “хлопцы гэтага не рабілі. Паводле яе слоў, Дзмітрый Канавалаў быў “ціхоня, а тое, што ў матэрыялах
справы пра яго гаварылі сябры, агучвалася на просьбу следства. “Хлопец ён добры, ціхі, любіць маму. Магчыма, ён маўчыць, бо яму пагражаюць яго сям’ёй. Яго тата і брат таксама былі ў
СІЗА КДБ, бацька выйшаў адтуль сівы, мяркую, гэта таксама аб нечым гаворыць. У іх віну я не веру, — адзначае сястра Кавалёва.
Праваабаронцы сёння ж выступілі з заяваю, у якой просяць не прымяняць да абвінавачваемых вышэйшую меру пакарання. Таксама яны ў чарговы раз звярнулі ўвагу на парушэнні ў часе папярэдняга
расследавання і судовага разбору, належным чынам не правераныя заявы абвінавачаных пра ціск і катаванні ў часе следства, адхіленне судом хадайніцтваў абароны, накіраваных на высвятленне
недакладнасцяў і супярэчнасцяў справы.
Праваабаронцы мяркуюць: калі суд высветліў датычнасць Кавалёва і Канавалава да тэракту, то "ў інтарэсах грамадскай бяспекі неабходна захаваць жыцці гэтых людзей, якія валодаюць каштоўнай
інфармацыяй пра акалічнасці трагедыі. ...Смяротнае пакаранне бессэнсоўнае. Яно не выпраўляе зробленага, не аднаўляе справядлівасць, не вядзе да пакаяння і ўсведамлення злачынцам сваёй віны, яно не
спыняе іншых злачынцаў, а толькі робіць грамадства больш жорсткім, — перакананыя аўтары заявы.
Алег Волчак, былы следчы, воін-афганец, распавёў, што разам з былым следчым пракуратуры Дзмітрыем Петрушкевічам і былым камандзірам мінскага спецназу палкоўнікам Уладзімерам Барадачом яны
аналізавалі матэрыялы справы і прыйшлі да высновы, што выбухі ў Беларусі былі падрыхтаваныя спецыялістамі.
“Я мяркую, што гэтымі хлопцамі прыкрываецца арганізаваная ваенная структура. Перад сыходам, за месяц Навумаў (былы міністар МУС РБ) заявіў, што ёсць заканспіраваная, высокага
прафесійнага ўзроўню група, якую яны не могуць рассакрэціць па выбуху 2008 года. Калі праводзіць аналогію паміж 2008-м і 2011-м годам, то мы прыйшлі да высновы, што гэта розныя людзі. Група можа і
адна, але падрыхтоўку выбуховых рэчываў рабілі розныя людзі. Мы разлічваем, што грамадскасць акажа ціск, каб не было смяротнай кары, — падкрэсьлівае Алег Волчак.
30 лістапада будзе абвешчаны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Абвінавачванне папрасіла суд пакараць іх смяротнай карай.