«Дачку публічна зганьбілі да суда»

Ужо больш як пяць месяцаў зняволеная СІЗА–3 не можа «трапіць на прыём да доктара». Яе бацька, жыхар Гомеля, Аляксандр Процка даслаў у рэдакцыю ліст з просьбай пра дапамогу. Ён заяўляе, што справу аб прастытуцыі супраць дачкі Галіны сфабрыкавалі.

Гніды штодзень

Ужо больш як пяць месяцаў зняволеная СІЗА–3 не можа «трапіць на прыём да доктара». Яе бацька, жыхар Гомеля, Аляксандр Процка даслаў у рэдакцыю ліст з просьбай пра дапамогу. Ён заяўляе, што справу аб прастытуцыі супраць дачкі Галіны сфабрыкавалі.

Гніды штодзень

У Галіны звужаюцца сасуды на нагах, ад гэтага чарнеюць пальцы. «Ёй неабходна медычная дапамога, бо лекі, якія я нашу для перадачы, не дапамагаюць. У дадатак да гэтага яшчэ і вошы напалі, як не бераглася...» — піша ў лісце Аляксандр Процка.
«Я абураная наконт працы тут медсанчасці і ўжо пісала наконт гэтага скаргу начальніку СІЗА, — напісала Галіна бацькам. — Буду чакаць адказу. Майму ж цярпенню прыйшоў канец — дажыцца да такога, што па іх віне палова камеры заразілася вошамі! Але зараз я ўжо два разы карысталася лекамі — шампунем «Хігія», і штодзень даводзіцца даставаць гніды з галавы!» Паразіты распаўсюджваюцца, як патлумачыла Галіна, з-за бамжых, якіх «закідваюць без нармальнай санапрацоўкі».
«І яшчэ — ніякіх вітамінаў я дагэтуль не атрымала, а сёння ўжо 18 студзеня, я нават не ведала, што тата перадаў перадачу ў мінулы чацвер — а даведалася з вашага ліста сёння», — напісала Галіна Процка.
Спецаперацыя з удзелам БТ
26-гадовая Галіна была затрымана ў жніўні 2010 года гомельскімі супрацоўнікамі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Яна накіроўвалася на сваёй машыне з дзвюма дзяўчынамі ў Кіеў, каб адтуль ляцець у Турцыю, дзе яе сястра збіралася пабрацца шлюбам з туркам. А спадарожніцы Галіны збіраліся на адпачынак, у іх былі пуцёўкі. Галіну абвінавацілі ў вывазе жанчын за мяжу «для сістэматычнага займання прастытуцыяй». Спецаперацыя па затрыманні Галіны адбывалася з удзелам БТ.
«Яна стала сімвалам Беларусі па вывазе дзевак за мяжу. І ў адзін дзень стала прастытуткай №1 краіны. Беспадстаўна зганьбілі публічна, заўчасна, да суда», — кажа Аляксандр Процка. Дагэтуль Галіна выдатна скончыла каледж у Гомелі, платна навучалася ў Мінскім педінстытуце. Больш за тры гады працавала з дзецьмі дашкольнага ўзросту.
Аляксандр Процка лічыць, што гэта палітычная расправа над яго сям’ёй. Бацька і дачка з’яўляюцца сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2006 годзе ён і яго дзве дачкі, адна з якіх жыве зараз з мужам у Турцыі, прымалі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі і агітавалі за Мілінкевіча. Малодшую дачку Алену ў тым жа годзе адлічылі з універсітэта з фармулёўкай «за непаспяховасць». Як кажа бацька, Галіна збіралася браць удзел і ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі. А ў дзень затрымання адзін з супрацоўнікаў органаў, які вёў допыт, «пацікавіўся»: «Што гэта твой бацька супраць Лукашэнкі?»
Паслугі без кліентаў
Аляксандр Процка паведамляе і пра іншыя акалічнасці справы. Пра допыты дачкі без адваката, пра адмовы бацькам сустрэцца з Галінай, пагрозы 10 гадоў турмы. «Няма кліентаў ці прозвішчаў тых, хто атрымаў сексуальныя паслугі. Няма грашовых разлікаў з фактычным іх атрыманнем», — падкрэслівае ён. Скаргі ў розныя пракурорскія інстанцыі з просьбай правесці праверку справы аказаліся безвыніковымі.
Добрушскі раённы суд разглядае справу за зачыненымі дзвярыма. Суддзя А. Васюкоў не задаволіў хадайніцтва, каб бацька быў прадстаўніком Галіны.
Адвакат Сяргей Красноў паведаміў журналістам, што адна з «ахвяраў» Крысціна, якая ехала ў Турцыю з Галінай, усе размовы запісвала на дыктафон. Як відавочна, Крысціна задавала «прадыктаваныя» міліцыяй пытанні. Напрыклад, неаднаразова запытвала ў Галіны, колькі каштуе вывезці дзяўчыну ў Турцыю для займання прастытуцыяй. Паводле словаў адваката, большая частка доказных матэрыялаў у справе — дыктафонныя запісы дзявочых размоваў, жартаўлівых і несур’ёзных.
Як лічыць Аляксандр Процка, улады дэманструюць змаганне ў справе з гандлем людзьмі, бо краіны Еўрасаюза выдзяляюць беларускім уладам фінансавую дапамогу для барацьбы з сексуальным нявольніцтвам. «Робіцца выгляд, што вядзецца праца па гэтай барацьбе, — мяркуе Аляксандр Процка. — Адпрацоўваючы грант Еўрасаюза на барацьбу з трафікам, гомельскія сышчыкі працягваюць рабіць «гучныя справы» і ствараць бачнасць сваёй працы. Вырашылі заадно наехаць і на апанентаў сённяшняга рэжыму і іх сем’і».
Падаплёка
«І па словах адваката, і тых людзей, якія так ці інакш з гэтай справай звязаныя, справа шытая белымі ніткамі. То бок яна сфабрыкаваная», — адзначыў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў.
Супраць Галіны сведчаць дзве яе спадарожніцы. «Усё будуецца літаральна на іх паказаннях і на нейкіх там запісах, сапраўднасць якіх немагчыма ўстанавіць. Хаця і па тых запісах, наколькі мне вядома, зноў жа немагчыма даказаць віну», — паведаміў Васіль Палякоў.
Паводле яго словаў, большасць дасведчаных у гэтай справе людзей звязваюць яе з пэўнымі праграмамі падтрымкі Беларусі з боку еўрапейскіх краін. У канкрэтным выпадку — гэта барацьба з гандлем жанчынамі і вывазам іх за мяжу.
«І вось пад гэту барацьбу і пад гэты праект фабрыкуюць такія справы, — пракаментаваў сітуацыю Васіль Палякоў. — І да нас ужо звярталіся ў Гомелі людзі, якія былі асуджаныя па гэтых артыкулах, якіх банальна падставілі. А дзяўчыны, якія па розных справах праходзілі сведкамі, нават пашпарты мянялі. Адны і тыя ж сведкі, але ідуць пад рознымі прозвішчамі па розных пашпартах. Быццам бы іх схілялі да выезду за мяжу для займання прастытуцыяй. Гэта справа з такой жа катэгорыі. З дыктафонам прыходзяць на сустрэчы і размовы па тэлефоне запісваюцца. Гэта проста так не адбываецца. І таму, вядома, палітычная падаплёка прысутнічае. У першую чаргу, як я бачу сітуацыю, не столькі, каб пакараць Процку ці яго дачку за актыўную палітычную дзейнасць. Колькі паказаць, як у Беларусі змагаюцца з такім злом, як гандаль жанчынамі».