Далучайцеся да петыцыі ў падтрымку адлічаных з вну актывістаў!

На глабальнай платформе Сhange.org 9 чэрвеня з’явілася петыцыя за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць.

Студэнцкі марш "Кахання і справядлівасці", снежань 2016 года, фота У. Рубанава

Студэнцкі марш "Кахання і справядлівасці", снежань 2016 года, фота У. Рубанава

Апошнія адлічэнні звязаныя з удзелам студэнтаў у пратэстных акцыях, якія ў лютым і сакавіку прайшлі ў розных гарадах краіны.
Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам — Сяргею Абламейку (БДУ), Аляксандру Жуку (БДПУ), Анатолю Сікорскаму (БДМУ), Ганне Сэндэр (БрДУ імя Пушкіна) і Канстанціну Бандарэнку (МДУ імя Куляшова).
Зварот да іх выкладзены ад імя актывіста Пятра Маркелава, які распавядае сваю гісторыю. Ён двойчы быў адлічаны з БДУ — у 2015 і 2016 годзе за “пропускі заняткаў”: праблемы з акадэмічнай паспяховасцю ў хлопца распачаліся пасля мясцовых выбараў 2014 года, калі ён як беспартыйны студэнт балатаваўся ў мясцовы Савет дэпутатаў і правёў заўважную перадвыбарчую кампанію.

Пётр Маркелаў. Фота Віялеты Саўчыц

Пётр Маркелаў. Фота Віялеты Саўчыц


“Мой выпадак не адзіны, — кажа Пётр Маркелаў. — Нядаўна я стаў сведкам некалькіх выпадкаў выключэння студэнтаў з універсітэтаў. У лютым і сакавіку 2017 шмат людзей далучылася да нацыянальных пратэстаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту №3, які вымушае беспрацоўных людзей выплочваць дадатковы падатак. За чатыры тыдні больш за 1000 пратэстоўцаў, журналістаў, паліычных і грамадскіх атывістаў былі затрыманыя па ўсёй Беларусі. Сярод іх было шмат студэнтаў. Іх саджалі ў турмы, а потым адлічвалі.
Акрамя мяне за апошнія два гады з розных універсітэтаў краіны адлічылі Дар’ю Якуш, Глеба Вайкуля, Юрася Лукашэвіча, Крысціяна Шынкевіча, Арцёма Кавалёва, Алену Кісель, Настассю Пілюгіну, Алену Дзянішчыц, Вячаслава Панасюка, Марыю Рабкову, Ігара Неліповіча і іншых. Шмат з іх вучыліся ў БДУ — самым вялікім універсітэце ў Беларусі”.
Пётр Маркелаў заклікае кіраўніка мінадукацыі і рэктараў беларускіх вну неадкладна і без умоў аднавіць усіх пералічаных актывістаў, спыніць адлічэнні студэнтаў за іх актыўнасць у палітычных і грамадскіх арганізацыях і гарантаваць студэнтам права на свабоду выказвання меркавання і права на мірныя сходы.
Петыцыя, якую падтрымалі нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco, Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Задзіночанне беларускіх студэнтаў, апублікавана на чатырох мовах — беларускай, рускай,нямецкай і англійскай.
spring96.org