Далучылася да стачкі жанчына, якую затрымалі, калі яна ішла да дачкі з белымі і чырвонымі кветкамі
Алена Вінакурава — кантралёр якасці завода «Палімір» у Наваполацку. Стаж працы на прадпрыемстве — 31 год.

Супрацоўніца наваполацкага завода «Палімір» Алена Вінакурава сёння далучылася да агульнанацыянальнай стачкі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Стачка "Нафтана"».
Алена Генадзьеўна была затрыманая ў Наваполацку, калі ішла з белымі і чырвонымі кветкамі павіншаваць сваю дачку з Днём нараджэння.
«Пабываўшы на сутках у ЦІПе, я зразумела, што праца на дзяржаўным прадпрыемстве мае мала адрозненняў са знаходжаннем у зняволенні. Я прыняла рашэнне больш не падтрымліваць рэжым, аплачваючы яго сваімі падаткамі», — пракаментавала сваё рашэнне Алена Вінакурава.
На прадпрыемстве яна адпрацавала 31 год.
