Дармаедскія камісіі: вяртанне ў Сярэднявечча?

У рэгіёнах заканчваецца фарміраванне ўчастковых камісій па вызначэнні «дармаедскага» статусу грамадзян. Яны будуць вырашаць, хто знаходзіцца ў «цяжкіх асабістых абставінах» і можа быць вызвалены ад аплаты паслуг па поўным кошце.

фота tut.by

фота tut.by

Гэтае знакамітае фота можа разам з карцінамі вясновых пратэстаў стаць сапраўдным сімвалам дармаедскага дэкрэту. На ім адлюстраваны патэрн узаемаадносінаў між уладай і насельніцтвам: усёмагутныя начальнікі vs маўклівыя падначаленыя. І патэрн гэты яшчэ больш замацоўваецца са стварэннем дармаедскіх камісій, якія ўжо складзеныя ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі.
Хто будзе ў іх уваходзіць: старшыні адміністрацый рознага ўзроўню, ідэолагі, міліцыянты, падаткавікі, галоўныя ўрачы, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Карацей, прыкладна ўсе тыя ж «байцы дзяржаўнага фронта», якія працуюць у выбарчых камісіях, напаўняюць сабой шэрагі «Белай Русі» і звыкла галасуюць за Лукашэнку.
Ва ўсім гэтым больш за ўсё абурае сам ход мыслення ўлады і яе прынцыповыя дапушчэнні: адных грамадзян, фармальна роўных па Канстытуцыі, надзяляюць правам вырашаць лёс іншых, і не проста ў нейкай асобнай прававой сітуацыі (як з судом ці міліцыяй), а надзяляюць іх правам перасунуць чалавека ў іншую сацыяльную касту — «дармаедаў», што азначае аўтаматычную сацыяльную стыгму і фінансавы цяжар. Пытанне: гэтым людзям, хай і надзеленым уладай у межах сваіх паўнамоцтваў, на падставе чаго ім надаюцца паўнамоцтвы вызначаць сацыяльны статус чалавека?
Гэты сацыяльны статус, акрамя іншага, з'яўляецца, як ужо сказана, сапраўднай стыгмай. Паняцце «дармаеда» ўжо на сёння моцна крыміналізаванае дзяржавай (аб чым, дарэчы, ужо даўно кажуць праваабаронцы). На гэта працуюць перадачы па тэлебачанню, дзе людзей без працы выстаўляюць у выключна негатыўным выглядзе, абавязковыя згадкі «нигде не работающий» у выпадках, калі трэба сапсаваць уражанне пра чалавека, і псеўдамудрыя сентэнцыі прапагандыстаў аб тым, што той, хто не плаціць падаткі са сваёй працы, — паразіт на целе грамадства.
Гэты дыскурс працуе на ўстойлівую крыміналізацыю цэлага пласту насельніцтва, і нават больш за тое: складае нейкае падабенства саслоўнага грамадства накшталт сярэднявечнага, дзе знаходжанне ў пэўнай сацыяльнай страце (слаі) амаль цалкам вырашала твой далейшы лёс у грамадстве.
Улада вырашаць, хто да якога саслоўя належыць, дадзеная вузкай групе людзей — мякка кажучы, не спецыялістаў у сацыяльных пытаннях, якія будуць выслухоўваць запэўніванні, просьбы і мальбы працоўных і ўчорашніх студэнтаў. А выслухаўшы, вырашаць, чыё жыццёвае становішча сапраўды цяжкае, а хто можа і пацярпець. Гэта, акрамя іншага, азначае і тое, што людзям прыйдзецца без сваёй волі вывальваць перад незнаёмымі дзядзькамі і цёткамі падрабязнасці свайго асабістага жыцця. А галоўны ўрач Таццяна Філіпаўна разам са старшым участковым Ігарам Пятровічам будуць вырашаць: ёсць трэцяе пазашлюбнае дзіця маладой маці «цяжкімі жыццёвымі абставінамі» ці не.
Не варта і казаць, што грамадзяне, западозраныя ў нелаяльнасці мясцовым уладам, вясковыя і пасялковыя «бузацёры», якія мелі неасцярожнасць калісьці перайсці дарогу начальству і, канешне, палітычныя актывісты будуць пазбаўленыя нават найдрабнейшага права на царскую ласку.
Да чаго прывядзе практыка гэтых камісій? Ідэя надзяляць вышэйшых у іерархіі людзей вызначаць сацыяльны статус ніжэйшых — увогуле мала стасуецца не толькі з прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам, але і з дэклараванымі (але даўно занядбанымі) пракламацыямі «сацыяльнай дзяржавы».
Саслоўнасць беларускага грамадства ад дзейнасці такіх апрыёры несправядлівых інстытуцый, адразу паглыбіцца. Беднасць, наадварот, узрасце, бо можна не сумнявацца, што камісіям будзе дадзены загад эканоміць бюджэтныя грошы і не надта лаяльнічаць з дармаедамі.
І, канешне, такія сітуацыі толькі павялічаць узровень азлобленасці ў грамадстве і нянавісць адных грамадзян Беларусі да другіх.
Ды і цяжка ўстрымацца ад злосці, гледзячы на тое, як сыты судзіць галоднага.