Даследчыца сталінізму: «Раскалолі народ сфальсіфікаванымі выбарамі і працягваюць расколваць рэпрэсіямі»

«Калі нас, даследчыкаў літаратуры, дапусцілі ў архіў КДБ, калі мы пагарталі тыя жудасныя папкі, на якіх было напісана "Совершенно секретно" і "Хранить вечно", то ніяк не маглі даўмецца: як такое ўвогуле магло адбыцца?! Столькі таленавітых людзей былі без усякай віны проста растаптаныя… На кожным допыце яны задавалі следчым адно пытанне: "За што?" А хіба сёння мы яго не чуем?» — распавяла Лідзія Савік «Народнай Волі».

savik.jpg.webp

На пачатку 1990-х гадоў нешматлікая група беларускіх літаратуразнаўцаў і гісторыкаў атрымала доступ у архіў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Тады ў СМІ ўпершыню трапілі факты, якія засведчылі маштабы сталінскага тэрору ў Беларусі, былі названы імёны многіх расстраляных у Курапатах і загінулых у ГУЛАГу. Сярод тых, каму выпала вынесці на белы свет схаваную раней за сямю замкамі праўду, была даследчыца Лідзія Савік. Журналіст «Народнай Волі» пацікавіўся ў яе, ці шмат агульнага паміж сталінскімі рэпрэсіямі і рэпрэсіямі сённяшнімі.

— Лідзія Сымонаўна, часы ўсё ж непараўнальна змяніліся. Ці правамерна праводзіць паралелі паміж сталінскім тэрорам і тым, што сёння адбываецца ў Беларусі?

— Гэтыя паралелі для мяне відавочныя. Мы нібы зноў вярнуліся ў тыя страшныя 1930-я гады. Напрыклад, тады ўладай заахвочваліся даносы. А гляджу нядаўна — па беларускім тэлебачанні абвяшчаюць: «Просим всех информировать власти о вывешенной незарегистрированной символике». Як можна заклікаць грамадзян да палітычных даносаў? Якія могуць быць даносы суседа на суседа?! Я што, за акадэмікам Радзімам Гарэцкім (мы з ім жывём у адным доме) павінна сачыць? Каля нашага дома часта можна было бачыць бел-чырвона-белыя стужачкі, купалаўскі заклік «Жыве Беларусь!». Назаўтра ўсё гэта вынішчалася, а людзі зноў усё аднаўлялі.

— Згаданы вамі Радзім Гарэцкі ў інтэрв’ю «Народнай Волі» цешыўся, што дажыў да часу, калі беларускі народ нарэшце прачнуўся. Але, як выглядае, існуючая ўлада зноў хоча вярнуць яго ў стан «спячкі». Ці гэта магчыма?

— Думаю, што немагчыма. Лукашэнкаўскі рэжым, наадварот, робіцца непрымальным нават для тых, хто ніколі не цікавіўся палітыкай. Сфальсіфікаваныя выбары 9 жніўня паказалі, што цярпець далей проста немагчыма. Слухайце, у нас жа перасталі дзейнічаць законы (згадайма вядомае выказванне «часам не да законаў»). Невядома хто ў любы час можа схапіць выпадковага чалавека на вуліцы, завезці кудысьці, дзе яго будуць збіваць, здзекавацца з чалавечай годнасці. Пра гэта ж апублікавана безліч сведчанняў. Маладых, прыгожых людзей кідаюць у жудасныя камеры, якія нагадваюць катавальні. Мне ўжо сіл не хапае такое чытаць…

— Калісьці Станіслаў Ежы Лец казаў, што ў кожнага стагоддзя бывае сваё сярэднявечча (калі іншадумцаў на вогнішчах палілі). Беларускае сярэднявечча ХХІ стагоддзя прыйшлося на 2021 год?

— Можна і так сказаць. Як сярэднявечча ХХ стагоддзя прыйшлося на 1930-я гады. У мяне такое адчуванне, што мы зноў вярнуліся ў 1937-ы, прычым у больш жорсткім варыянце. Калі нас, даследчыкаў літаратуры, дапусцілі ў архіў КДБ, калі мы пагарталі тыя жудасныя папкі, на якіх было напісана «Совершенно секретно» і «Хранить вечно», то ніяк не маглі даўмецца: як такое ўвогуле магло адбыцца?! Помню, начытаешся пратаколаў, выйдзеш на вуліцу — і здаецца, што выйшаў з нейкай апраметнай. Столькі таленавітых людзей былі без усякай віны проста растаптаныя… На кожным допыце яны задавалі следчым адно пытанне: «За што?» А хіба сёння мы яго не чуем?

— Гэтае пытанне гучыць ледзь не пры кожным затрыманні — а яны па ўсёй краіне адбываюцца штодня.

— У гады сталіншчыны стваралася ілюзія хоць нейкай законнасці, змяняліся кіраўнікі ОГПУ-НКВД за тое, што парушалі закон. Іх нават судзілі і саміх расстрэльвалі. А ў нас што творыцца? Адзін чалавек — Лукашэнка — дыктуе правілы, паводле якіх мы ўсе павінны жыць. Ён лічыць, што разумнейшы за ўсіх. Ён усталяваў сапраўдны дыктатарскі рэжым з татальным кантролем над кожным з нас. Пачынаючы ад працоўных кантрактаў, якія трымаюць людзей на кароткім павадку. За апошнія паўгода на палітычных іншадумцаў заведзена больш за 3000 крымінальных спраў — паведаміў Следчы камітэт. І — аніводнай справы на тых, хто ў масках і з дубінкамі збіваюць, катуюць, забіваюць мірных людзей. Як такое можа быць?!

— Яшчэ адна паралель са сталінскімі часамі была праведзена нядаўна. Як вядома, на Сталіна пастаянна «арганізоўваліся замахі», і вось выкрыты «замах» на Лукашэнку. Наш з вамі калега, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Аляксандр Фядута трапіў у СІЗА КДБ, яму пагражае да 12 гадоў турмы.

— Усе дыктатары свету арганізоўваюць такія «замахі» на сябе. Каб іх, бедных, народ пашкадаваў. І ў 1930-я гады ў чым толькі не абвінавачвалі пісьменнікаў! І ў тэроры, і ў дыверсіях, і ў замахах на правадыроў. Чалавек — ні сном ні духам, а яго абвяшчаюць тэрарыстам! Адзін хацеў далучыць Беларусь да Англіі, другі «прызнаваўся» ў шпіянажы на карысць Японіі, трэці аддаваў Беларусь пад пратэктарат Польшчы. Дык жа і сёння нам па БТ гавораць, што Польшча ўжо ледзь не заняла Гродзенскую вобласць… Што мяне яшчэ ўразіла — на допытах у НКВД некаторыя пісьменнікі, разумеючы ўсю недарэчнасць прыпісваемых ім абвінавачанняў, гаварылі: «Не, мы хацелі аддаць Беларусь не пад Польшчу, а пад Індыю…» Такім чынам пачыналі кпіць са следчых.

— У тых умовах на гэта была патрэбна дадатковая мужнасць.

— Безумоўна! Помню, тагачасны старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі (мне падалося — ён быў шчырым беларусам) сабраў нас, даследчыкаў, у сваім кабінеце і сказаў: «Вы будзеце чытаць страшныя рэчы. Там столькі хлусні несусветнай! Рыхтуючы свае публікацыі, вы павінны разумець, што пісьменнікі не даносілі адзін на аднаго. З іх тыя паказанні выбівалі жудаснымі катаваннямі». Вось у чым сутнасць любой дыктатарскай улады — запляміць, абылгаць як мага большую колькасць людзей. Тое самае і сёння. Рэжым ілжэ на кожным кроку, выдумвае абы-што, пры гэтым цынічна абвяшчае ў краіне Год народнага адзінства! Дык вы ж гэты народ і раскалолі сваімі сфальсіфікаванымі выбарамі і працягваеце расколваць рэпрэсіямі.

— «Мы их будем мочить», — публічна заявіў Лукашэнка на адрас сваіх апанентаў. «Мачыць» на турэмным слэнгу — забіваць. Рэпрэсіі ў Беларусі могуць перайсці ў масавы тэрор?

— Тэрор ужо пачаўся — ёсць забітыя. І, зноў жа, ніхто не панёс пакарання. Калі дыктатар застанецца пры ўладзе і будзе працягваць бегаць з аўтаматам і заяўляць, што ён ні за што сваю ўладу не аддасць, то можа дайсці і да новых Курапатаў. Толькі мы не адразу даведаемся, дзе тыя Курапаты. Як і дагэтуль не ведаем, дзе закапаныя Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі і іншыя.

— Мы жахаемся ад слоў «сталінскі тэрор», «ГУЛаг». А Лукашэнка, як выглядае, не жахаецца. Вось я сёння ў дзяржаўнай кнігарні пабачыў такія кнігі: «Сталин — символ Беларуси», «Минск — город Сталина», «Урок отца народов Сталина и батьки Лукашенко». Можа, Іосіф Вісарыёнавіч для Аляксандра Рыгоравіча — узор паспяховага палітыка?

— Хутчэй за ўсё, так і ёсць. Прынамсі, за 26 гадоў кіравання я не пачула ад яго асуджэння Сталіна, і ў Курапатах ён ні разу не быў. Што ж, ёсць з каго браць прыклад: «крамлёўскі горац» утрымліваў уладу 30 гадоў. Для мяне ж ён — увасабленне абсалютнага зла, ён столькі нявінных жыццяў загубіў! У сталінскія часы 15 хвілін ішлі суды над беларускімі пісьменнікамі. За 15 хвілін чалавека адпраўлялі на расстрэл! А сёння, я чытаю ў навінах, суды яшчэ карацейшыя. Праўда, прысуды пакуль — не вышэйшая мера… А па БТ бясконца паўтараюць: «Ці былі вы на "Лініі Сталіна"?» Не дзіва, што будуць выходзіць названыя вамі кнігі, якія пішуцца падхалімамі-прыкарытнікамі. «Отец народов Сталин и батька Лукашенко»… Такія пісакі проста ўгадваюць жаданні дыктатара, сёння іх час.

— Ідучы да вас на гутарку, я пабачыў у двары трох у чорнай уніформе, што няспешна прагульваліся туды-сюды. Ваш двор пад нейкім звышпільным наглядам?

— Асабліва падчас нейкіх акцый. Вось я іду ў краму 25 сакавіка — наш двор поўны нейкіх камунальнікаў. Адзін ідзе насустрач, пытаюся: «Што здарылася, чаму вас так многа?» А ён кажа: «Мы не камунальнікі…» І штодзень па трое, па пяцёра ў чорным адзенні па двары ходзяць. А раптам хто-небудзь намалюе надпіс «Жыве Беларусь»!.. А раптам збярэцца без дазволу 5-6 чалавек!.. Схопяць, аддубасяць, завязуць на Акрэсціна… Як мы ўсе стаміліся ад гэтых хапуноў, ад гэтага адзінаўладдзя!

— Пасля таго, як вы на пачатку 1990-х папрацавалі ў прыадкрытым архіве КДБ, ён пры Лукашэнку зноў закрыўся для даследчыкаў. Скажам, мне так і не ўдалося атрымаць доступ да справы Ларысы Геніюш… Помніцца, Станіслаў Шушкевіч гаварыў, што ён быў супраць адкрыцця, бо гэта пасеяла б варажнечу ў грамадстве. А вы як лічыце?

— А я лічу, што захаванне ўсіх тых страшных таямніц і пераемнасць тагачаснага НКВД і сучаснага КДБ і прывялі да ўмацавання новай дыктатуры. Не адбылося ж ніякага «разбору палётаў», ніякага пакаяння. Таму ў нас пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў распачыналіся рэпрэсіі. Дзе, у якой краіне кідалі за краты прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду? Згадайце, што вытваралі з Някляевым у 2010-м. А за што цяпер сядзіць Бабарыка? 20 гадоў працаваў у банку — быў чэсным, а перад выбарамі раптам стаў злачынцам? А колькі за апошні час маладых таленавітых людзей з’ехалі за мяжу, бо не бачаць тут ніякай перспектывы. Гэта ж таксама страты для краіны.

— Увесь народ з’ехаць упрочкі не можа. Ад’езд — гэта заўсёды трошкі капітуляцыя. Нядаўнінапаўсакрэтны візіт Лукашэнкі ў Маскву засведчыў, што беларуска-расійская інтэграцыя зноў набывае небяспечныя абрысы. Як вы лічыце, за час пасля жнівеньскіх падзей прыхільнікаў цеснай інтэграцыі з Расіяй у Беларусі пабольшала ці паменшала?

— Думаю, што заўважна паменшала. Асабліва радуе нас, старэйшае пакаленне, тое, што моладзь за незалежнасць, што яна не прымае дыктатарскую сістэму, хоча бачыць Беларусь нармальнай еўрапейскай краінай. Слухайце, чаму мы толькі на ўсход арыентуемся? Так, мы павінны сябраваць з Расіяй, суседзяў не выбіраюць. Але мы адначасова павінны сябраваць і з заходнімі краінамі, захоўваючы незалежнасць, суверэнітэт. Каб не згубіць каранёвую ідэнтычнасць, трэба ўмацоўваць сваю нацыянальную культуру, адраджаць мову. Калі яшчэ сказана: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». І вось сёння мы мусім зразумець: не будзе мовы — не будзе і нас, беларусаў! Бязмоўныя, мы бясследна растворымся ў моры «русского мира».

— Дзе ж шукаць выйсце? Што павінна рабіць беларуская інтэлігенцыя ў гэтай сітуацыі?

— Шмат хто мяркуе, што пратэсты спыніліся, таму лепш ціхенька сядзець, галаву ў пясок схаваўшы… А якая будучыня тады чакае вашых дзяцей і ўнукаў? Уся надзея на моладзь, якая не прымае дыктатуру. Захочацца ёй жыць у нармальнай краіне — і дыктатура рухне. І мы ўсе будзем успамінаць наш ліхі час, як успамінаем кляты 1937 год. Пры такім антычалавечым і антыбеларускім рэжыме Беларусь існаваць доўга не можа. І не будзе — я ў гэтым пераканана.