Даследнікі: з 2020 года з Беларусі з'ехалі ад 135 да 300 тысяч чалавек

На Мінскім форуме ў Берліне даследчыкі па-рознаму ацанілі маштабы эміграцыі беларусаў з краіны. Але ніводная з прыведзеных лічбаў не аптымістычная.

_czyhunka___horad___pradpryemstva__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


«Толькі ў Еўрасаюз пераехалі 135 тысяч чалавек. Гэта тое, што мы сапраўды можам падлічыць», — распавёў на Мінскім форуме прадстаўнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой у краінах Балтыі Серж Наўродскі, піша DW.

«А ёсць яшчэ Расія і іншыя бязвізавыя краіны. Думаю, максімальна набліжаная да рэальнасці колькасць — гэта 150-200 тысяч чалавек», — дадаў ён.

Дакладных даных атрымаць немагчыма, заўважыў эканаміст Леў Львоўскі. Па яго словах, максімальную колькасць тых, хто з’ехаў, можна ацаніць у 300 тысяч чалавек. І паток эміграцыі пры гэтым не памяншаецца. Напрыклад, з IT-сферы пасля 24 лютага 2022 года звольнілася каля 14 тысяч работнікаў, — хутчэй за ўсё, у сувязі з пераездам.

Пры колькасці занятых у гэтай сферы да 100 тысяч чалавек яна страціла ад 7 да 10% супрацоўнікаў толькі ў гэтым годзе, і гэта не мяжа, лічыць Леў Львоўскі.