Дазволу на ўстаноўку мемарыяльнай дошкі да 100-годдзя БНР пакуль няма

Мастацкая рада Мінгарвыканкама зацвердзіла выгляд мемарыяльнай дошкі ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Але дазволу на ўстаноўку памятнага знаку на будынку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, дагэтуль няма, паведамляе «Радыё Свабода».



Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Скульптар Ігар Засімовіч

Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Скульптар Ігар Засімовіч

Акрамя ўхвалы мастацкай рады, неабходны яшчэ і дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства.

Саюз мастакоў падаў афіцыйную заяўку ў Мінгарвыканкам. Адказу пакуль няма. Пра гэта паведаміў “Радыё Свабода” скульптар Ігар Засімовіч.

«На маю думку, Мінгарвыканкам проста цягне час, як гэта было і з ухваленнем праекту. Меркавалася, што мемарыяльную дошку павесяць напярэдадні 25 сакавіка, але мастацкая рада Мінгарвыканкаму ніяк не магла сабрацца да юбілею, а на першым пасяджэнні пасля 25 сакавіка ў план гэтае пытанне не ўключылі. Цяпер быццам бы станоўчае рашэнне мастацкай рады ёсць, выгляд шыльды ўхвалены, але няма дазволу на ўсталяванне, бо на думку Мінгарвыканкаму, гэта масавае мерапрыемства. Саюз мастакоў заяўку падаў, цяпер чакаем. Не дазволіць павесіць шыльду ня могуць, але цяпер проста марудзяць час», — перакананы Ігар Засімовіч.

У прэс-службе Мінгарвыканкаму 18 красавіка “Радыё Свабода” паведамілі, што заяўка ёсць, але рашэнне наконт даты ўстаноўкі шыльды яшчэ не прынятае. На ўдакладняльнае пытанне, калі Мінгарвыканкам разгледзіць заяўку Саюзу мастакоў на масавае мерапрыемства, адказу не было.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Павесіць дошку меркавалі да 25 сакавіка на вуліцы Валадарскага, дом 9 у Мінску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай. Пасяджэнне мастацкай рады Мінгарвыканкаму, на якім шыльду мелі зацьвердзіць, адкладалася амаль два тыдні.