Дэкрэт №7 скараціў колькасць патрабаванняў пажарнай бяспекі ў 12 разоў
У Беларусі колькасць патрабаванняў пажарнай бяспекі, якія ўводзяцца з прыняццем дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», скарацілася больш чым у 12 разоў.
Пра гэта паведамілі ў панядзелак, 27 лістапада, у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
Дэкрэт №7 усталяваў агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі наўзамен ранейшых «Правіл пажарнай бяспекі», якія былі прынятыя тры гады таму. У МНС удакладнілі, што колькасць патрабаванняў у новых правілах пажарнай бяспекі была максімальна скарочаная — з 770 да 62.
Пры гэтым ураду трэба будзе вызначыць абавязковыя для выканання спецыфічныя патрабаванні. Яны будуць тычыцца забеспячэння пажарнай бяспекі будынкаў, дзе знаходзяцца дзеці або колькасць людзей перавышае 300 чалавек. Пад пільную ўвагу апынуцца аб'екты сацыяльнай сферы і аховы здароўя, чыгуначны транспарт, метрапалітэн, выбухапажаранебяспечныя і пажаранебяспечныя вытворчасці. Спецыфічныя патрабаванні закрануць таксама правядзенне геолага-разведвальных работ у лясах.
Дэкрэт №7 вызначае мінімальны аб'ём патрабаванняў пажарнай бяспекі, абавязковых для выканання. Кіраўнікі прадпрыемстваў змогуць самастойна вызначаць дадатковыя супрацьпажарныя мерапрыемствы, зыходзячы са спецыфікі сваёй дзейнасці. Яны заўсёды могуць звярнуцца ў МНС па кансультацыю.