Дэманстрацыі не будзе

Брэсцкі гарвыканкам не задаволіў заяўку гарадскіх арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на правядзенне 1 мая дэманстрацыі.

Брэсцкі гарвыканкам не задаволіў заяўку гарадскіх арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на правядзенне 1 мая дэманстрацыі.
«Прычыны адмовы традыцыйныя, — паведаміла старшыня гарадской структуры сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс. — Па-першае, як заяўляюць улады, маршрут дэманстрацыі праходзіць бліжэй чым за 50 метраў ад шэрагу адміністрацыйных будынкаў, што забаронена ў адпаведнасці з артыкулам 9 закона «Аб масавых мерапрыемствах». Па-другое, рух да 150 дэманстрантаў па тратуарах і пешаходных пераходах можа прывесці да парушэння руху транспарту. Акрамя таго, у сёлетняй адмове дададзена яшчэ адна матывіроўка — рамонтна-будаўнічыя работы на адной з вуліц маршруту дэманстрацыі».
У адказе гарвыканкама адзначаецца, што заяўнікі «могуць узяць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца гарвыканкамам у парку імя 1 Мая, нароўні з іншымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь».
«Канешне, мы, як і планавалі, возьмем удзел у гэтых мерапрыемствах, але не толькі як грамадзяне нашай краіны, але і як партыйцы, — заявіла Канюс. — Мы накіруемся ў парк калонай, няхай і не з такой колькасцю людзей, як намячалі, і не па тых вуліцах. Прычым зробім гэта пад сваімі партыйнымі сцягамі».
Паводле БелаПАН