«Демонстративно демонстрировала зонтик». У Мазыры чатырох сябровак асудзілі за парасоны ў дождж

Сяброўскую сустрэчу прызналі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Прычынай сталі чырвона-белыя парасоны, пад якімі жанчыны хаваліся ад дажджу.

file_1199.jpg


Усё пачалося з рапарту, які падаў на імя начальніка Мазырскага РАУС міліцыянт-кіроўца роты патрульна-паставой службы міліцыі Мазырскага РАУС прапаршчык Арцём Пархоменка, распавядае Палеская вясна. У сваім рапарце Пархоменка даклаў начальніку РАУС, што ім разам са старшым прапаршчыкам Уладзімірам Ляшкевічам 1 лістапада быў выкрыты факт правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства – пікету супраць вынікаў галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года.
Пра кожную жанчыну, якую Пархоменка пабачыў на бульвары Юнацтва насупраць дома 119, ён данёс начальніку РАУС, што яна «демонстративно демонстрировала “Зонтик бело красного цвета”, на неоднократные требования прекратить противоправные действия в части нарушения Закона о массовых мероприятиях не реагировала и продолжала совершать правонарушения» (стылістыка, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Пільныя прапаршчыкі з патрульна-паставой службы затрымалі жанчын і завезлі іх у Мазырскі РАУС. Паводле расказанага Пархоменкам і Ляшкевічам у рапарце начальніку міліцыі, намеснік начальніка Мазырскага РАУС падпалкоўнік Леанід Баланчук даручыў разабрацца ўчастковаму інспектару старшаму лейтэнанту Ігару Пілановічу. Той правёў апытанні затрыманых жанчын, угледзеў у іхнім стаянні на бульвары з парасонамі склад адміністрацыйнага правапарушэння і склаў на ўсіх чатырох адпаведныя пратаколы.

file_1198.jpg


Судзілі жанчын праз больш як два тыдні. Першай 16 лістапада пад суд трапіла Наталля Кушнярова-Андык. Разбіральніцтвам ейнае справы заняўся намеснік старшыні Суда Мазырскага раёна па крымінальных справах Дзмітрый Мазай. Ён апытаў Наталлю, якая сказала, што ішла са сваім сябрам па бульвары, убачыла знаёмых і падыйшла з кубкам кавы да іх. Дзяўчаты стаялі ды размаўлялі, калі да іх раптам падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і пачалі казаць, што аказваецца іх дзеянні незаконныя. Яны прапанавалі Наталлі сесці ў службовую машыну для прафілактычнай гутаркі. Калі яна туды села, ёй паведамілі пра затрыманне і павезлі ў РАУС. Таксама ў судзе прагледзелі дыск з запісам, на якім было бачна, што канкрэтна ў Наталлі ўвогуле не было нават парасону, яны былі ў трох ейных сябровак. Аднак на запісе бачна, як міліцыянты настойліва даводзяць жанчынам, што іхняя сустрэча на бульвары – гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое адбываецца з незарэгістраванай сімволікай. На рэпліку аднае з жанчын «А парасон хіба з’яўляецца сімволікай?» адзін з міліцыянтаў адказаў: «З’яўляецца!».

Наталля КУШНЯРОВА-АНДЫК.

Наталля КУШНЯРОВА-АНДЫК.

Агалошваючы пісьмовыя матэрыялы справы Дзмітрый Мазай чамусьці толькі называў дакументы. Зачытваць рапарт прапаршчыка Пархоменкі пра тое, што Наталля «демонстративно демонстрировала» суддзя не палічыў патрэбным. Хуценька назваўшы, што ўваходзіць у справу, ён прызнаў Наталлю Кушнерову-Андык вінаватай у здзяйсненні правапарушэння паводле часткі 1 артыкула 23.34 КабАП і прысудзіў спагнаць з яе максімальна магчымы штраф у 30 базавых велічыняў.
Суды над іншымі дзяўчатамі, якія 1 лістапада стаялі на бульвары з парасонамі, зрабілі 17 лістапада ў памяшканні РАУС. Гэтыя судовыя пасяджэнні фактычна былі закрытымі, бо акрамя ўдзельнікаў працэсаў на іх не змог патрапіць ніхто. Самі міліцыянты на ўваходзе сцвердзілі, што судовае пасяджэнне закрытае.
Паколькі ўсе дакументы ва ўсіх чатырох справах практычна ідэнтычныя, такімі ж былі і судовыя разбіральніцтвы. Справы Наталлі Сельвіч і Алы Мазуркевіч разглядаў усё той жа суддзя Дзмітрый Мазай, а справу Аксаны Патапчук суддзя Святлана Буйнавец. Усіх жанчын прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і прызначылі штрафы па 30 базавых велічыняў кожнай.