Дэпутат Еўрапарламенту: Лукашэнка палітызуе любую песню, якую Беларусь адправіць на «Еўрабачанне»

Дэпутат Еўрапарламента ад шведскай Ліберальнай партыі Карын Карлсбра, якая ў канцы лютага накіравала ў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз афіцыйны ліст за подпісамі дэпутатаў Еўрапарламента з мэтай выключэння БТ з ЕВС пракаментавала сітуацыю з удзелам Беларусі ў конкурсе «Еўрабачанне».

maxresdefault_114.jpg

— Якую б песню Беларусь цяпер не адправіла на конкурс, Лукашэнка ўсё роўна зробіць яе палітычнай,цытуе Карын Карлсбра «Беларускі фонд культурнай салідарнасці». — Яго рэжым так працуе: ён выкарыстоўвае СМІ і культуру як машыну прапаганды. І мы павінны гэта спыніць (...).

Лукашэнка не хвалюе аб'яднанне Еўропы праз музыку. Ён клапоціцца аб тым, каб мірныя акцыі пратэсту ў краіне скончыліся. ЕВС як арганізатар конкурсу дазволіў яму зрабіць «Еўрабачанне» часткай яго палітычнай гульні. Але яшчэ не позна паступіць правільна. ЕВС павінен цяпер не толькі адмовіцца ад гэтага ўкладу, але і спыніць сяброўства Беларусі ў сваёй структуры.
Цікава, што Аляксандр Лукашэнка сёння таксама выказаўся пра «Еўрабачанне» і адмову арганізатараў конкурса дапускаць да ўдзелу песню праўладнага гурта «Галасы ЗМеста»:

— Нас пачынаюць ужо па ўсіх франтах падціскаць. Нават на «Еўрабачанні», я гляджу. Што там гэтыя хлопцы? Ну, толькі аўтарытэту ім дадалі. Як кажуць, добры піяр. Ну, калі што, так песню мы зробім іншую. Не пытанне, — заявіў Лукашэнка.