Дні ізраільскага кіно

Вечарам 25 мая ў мінскім кінатэатры «Цэнтральны» ваеннай драмай «Бафор» адкрыліся Дні ізраільскага кіно.

Вечарам 25 мая ў мінскім кінатэатры «Цэнтральны» ваеннай драмай «Бафор» адкрыліся Дні ізраільскага кіно.
У 127-хвілінным фільме рэжысёра Джозефа Сідара апавядаецца пра падзеі 2000 года на поўдні Лівана, дзе падраздзяленне Арміі абароны Ізраіля апошнімі днямі акупацыі рыхтуюцца да запланаванага адступлення са старажытнай крэпасці Бафор, якую баевікі «Хезбалы» абстрэльваюць ракетамі. У стужцы, знятай паводле аповесці Рона Лешэма «Калі ёсць рай», паказана трагічная гісторыя салдат, якія, нягледзячы на страты сяброў і паніку, павінны выканаць загад — утрымаць блокпост, а пры адыходзе ўзарваць крапасныя збудаванні. У 2007 годзе на Берлінскім кінафестывалі фільм быў адзначаны прызам за найлепшую рэжысуру, а ў 2008 годзе намінаваўся на прэмію «Оскар» як найлепшы замежны фільм.
Адкрываючы Дні ізраільскага кіно, пасол Ізраіля ў Беларусі Эдуард Шапіра зазначыў, што за першыя 10 дзён дэманстрацыі фільма ў Ізраілі яго паглядзелі 90 тысяч чалавек, а ўсяго 300 тысяч ізраільцян і мільёны замежных гледачоў.
У праграму таксама ўключаны паказы мастацкай стужкі «Трагедыя Ніны», трох дакументальных фільмаў — «Вось так бывае», «Джэні і Джэні», «Першая Алімпіяда маёй маці» і трагікамедыі «Сябры Яны».
Марат Гаравы, БелаПАН