«Добраўпарадкаванне» Вайсковых могілак паабяцалі прыпыніць. На словах

27 чэрвеня на Вайсковых могілках, дзе ўжо некалькі тыдняў адбываецца «добраўпарадкаванне», прайшла сустрэча грамадскіх актывістаў, супрацоўнікаў Мінкульта і кіраўніцтва Спецакамбінату камунальна-бытавога абслугоўвання, які займаецца тым самым «добраўпарадкаваннем», перадае Радыё Свабода.



Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

«Нам на словах паабяцалі прыпыніць працы, — кажа Свабодзе Павел Каралёў, які каардынуе кампанію, скіраваную на захаванне Вайсковых могілак. — Мы прайшліся з кіраўніцтвам камбінату і прадстаўніком Мінкульта па тэрыторыі, вызначылі каля дзесяці пахаванняў, ад якіх на самай справе мала што засталося, якімі маглі б заняцца супрацоўнікі камбінату. Пакуль нам паабяцалі працаваць там і не чапаць іншых магіл. Але гэта на словах, вядома. Сустрэча не мела афіцыйнага характару».

Павел Каралёў таксама паведаміў, што актывістам па-ранейшаму не ўдалося пабачыць ніякага афіцыйнага дакументу, які б вызначаў парадак працў па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак. Актывісты плануюць і далей рабіць парадак на месцах пахаванняў самастойна.
«Мы прапанавалі ўладам правесці інвентарызацыю пахаванняў сваімі сіламі, бясплатна, — працягвае Каралёў. — Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Будзем чакаць рашэння ўладаў».

На мінулым тыдні актывісты заклікалі людзей «адстойваць магілы, бо сітуацыя кепская, будаўнікі ўсё робяць на свой густ». Рабочыя зносілі старыя помнікі і агароджы, усталёўваючы замест іх аднолькавыя падгалоўнікі з мармуровай крошкі. Пры гэтым многія помнікі не былі ў кепскім стане, а некаторыя агароджы ўвогуле ўяўлялі сабой мастацкую і гістарычную каштоўнасць.
Актывісты стварылі петыцыю, у якой заклікаюць спыніць знос каштоўных агароджаў і помнікаў і правесці праверку дзеянняў рабочых.
Паводле Радыё Свабода

Чытайце таксама: Вайна супраць гістарычнай памяці