Доктару, якога абвінавачваюць у падпале «Табакерак» у Бараўлянах, далі 15 сутак за ўлётку на прыпынку

Анестэзіёлага-рэаніматолага 1 ГКБ Святаслава Удота затрымалі 22 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага РАУСа. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што «22 красавіка каля 2:20 ночы на прыпынку Бараўляны-6 мужчына наклеіў аркуш А4 з надпісам «Беларусам — воля, пацуку — падвал».

g4wtaikkvb4fhlno6hcqng.jpg

У РАУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, расцаніўшы такое дзеянне як несанкцыянаваны пікет, распавядае «Наша Ніва».

Справу Святаслава Удота разглядала суддзя Кацярына Новікава ў судзе Мінскага раёна 23 красавіка. На пытанне суддзі аб значэнні надпісу на лістоўцы мужчына сказаў, што трэба чытаць літаральна: «Беларусам — воля».

Даючы паказанні, Удот растлумачыў, што такім чынам хацеў выказаць сваю нязгоду з парушэннямі, якія апошнім часам адбываюцца ў краіне.

Дыялог з суддзёй:

— Чым пацукі правініліся перад вамі?

— Пацукі даносяць.

— Якім чынам?

— Не даюць выказваць сваё меркаванне з адкрытым тварам.

— А якое меркаванне вы хочаце выказаць?

— Якое меркаванне я хачу выказаць? Каб людзей не каралі за тое, што яны адкрыта выказваюць сваё меркаванне, каб іх не звальнялі з працы, каб іх не затрымлівалі.

Прысуд — 15 сутак.

У той жа дзень, калі адбыўся суд, міліцыя заявіла пра затрыманне падазраванага ў падпале трох «Табакерак» у Бараўлянах: 53-гадовы мясцовы жыхар, доктар адной з бальніц Мінска. Супраць яго завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 («Хуліганства»). Верагодна, гаворка вядзецца пра аднаго і таго ж чалавека, лічаць праваабаронцы.